Читать «Калядны харал» онлайн - страница 5

Чарлз Дыкенс

— Усе гэтыя законы і ўстановы наўрад ці маюць на мэце хрысціянскі клопат пра душу і цела бедакоў, — запярэчыў джэнтльмен, — а таму мы вырашылі сабраць грошай, каб купіць няшчасным хаця б крыху ежы, піцця і цёплага адзення. Мы выбралі менавіта перадкалядны час, бо ў такія дні беднасць адчуваецца найвастрэй, а багацце дорыць найбольш радасці. Якую суму дазволіце запісаць пад вашым імем?

— Ніякае! — адказаў Скрудж.

— Вы хочаце ўнесці грошы ананімна?

— Я хачу, каб мяне пакінулі ў спакоі, — адказаў Скрудж. — Калі ўжо вы пажадалі ведаць, чаго я хачу, вось вам мой адказ. Я не весялюся на Каляды і не магу выдаткоўваць грошы, каб весяліць лайдакоў. Я падтрымліваю ўстановы, пра якія казаў, і гэтага з мяне даволі. Тыя, хто цярпіць нястачу, могуць ісці туды.

— Мала хто захоча туды пайсці — ужо лепш памерці.

— Ну і хай паміраюць, — сказаў Скрудж, — і скарачаюць лішак насельніцтва. Да таго ж, прабачце, мяне гэта зусім не цікавіць.

— Але гэта мусіць вас цікавіць! — запярэчыў джэнтльмен.

— Гэта не мая справа, — абурыўся Скрудж. — Хай кожны займаецца сваімі справамі і не лезе ў чужыя. Мне дык сваіх цалкам хапае. Усяго найлепшага, джэнтльмены!

Зразумеўшы, што спрачацца няма сэнсу, джэнтльмены зніклі за дзвярыма. Задаволены сабой, Скрудж вярнуўся да перарваных справаў весялейшы, чым звычайна.

Тым часам цемра і імгла згусціліся так, што на вуліцы з’явіліся людзі з паходнямі, якія прапаноўвалі свае паслугі — ісці перад экіпажамі і асвятляць дарогу. Старадаўняя царкоўная званіца, чый даўно асіплы звон кожнага дня хітравата пазіраў на Скруджа з гатычнага акенца, зрабілася зусім нябачнай — здавалася, гадзіны і чвэрці вызвоньваліся дзесьці ў аблоках, і кожны ўдар суправаджаўся такім тоненькім бразгатаннем, быццам у звона ад холаду зуб на зуб не трапляе. Мароз мацнеў. У куце двара, што выходзіў на галоўную вуліцу, некалькі рабочых рамантавалі газавыя трубы, запаліўшы ў жароўні вялікае вогнішча, на якое сабраліся бесхацінцы. Яны грэлі рукі і зачаравана глядзелі на агонь. Забыты ўсімі водаправодны кран паныла сцякаў вадой і пакрысе замярзаў, самотна пакрываючыся чалавеканенавісніцкай коркай лёду. Яркія вітрыны, у якіх ажно патрэсквалі ад гарачыні галінкі вастралісту, асвятлялі бляклыя твары мінакоў. Бакалейныя і мясныя крамкі ператварыліся ў шыкоўнае відовішча і нібыта цвялілі пакупнікоў — нельга было паверыць, што яны маюць хоць нейкае дачыненне да такой нудлівай справы, як гандаль і зніжкі. Лорд-мэр у раскошным палацы ўжо загадваў сваім пяцідзесяці кухарам і лёкаям не страляць варон, а рыхтавацца так, каб Каляды былі вартыя лорда-мэра, і нават маленькі краўчык, якога ён у мінулы панядзелак аштрафаваў на пяць шылінгаў за п’янства і крыважэрныя паводзіны на вуліцах, ужо размешваў на сваім гарышчы калядны пудынг, а яго сухарлявая жонка тым часам пабегла з дзіцем купляць ялавічыну.

Аднак туман усё гусцейшы, мароз усё мацнейшы! Калючы, пранізлівы, рэзкі холад! Калі б добры наш святы Дунстан схапіў д’ябла за нос такім марозам, а не нейкімі там шчыпцамі, ох і закрычаў бы нячысты! Ох і дасталася б яму! Вось і аднаго маладога ўладальніка досыць сціплага носа галодны мароз ужо да душы пакусаў і пагрыз не раўнуючы сабака костку; змерзлы юнак акурат спыніўся ля замочнай шчылінкі Скруджа, каб забавіць таго вясёлай калядкай, аднак адразу пасля першых словаў святочнае песні: “Дай Бог, панове, шчасця вам, хай сум пакіне вас…” — Скрудж з такім імпэтам схапіўся за лінейку, што перапужаны спявак кінуўся наўцёкі. Цяпер у шчылінку зазіралі толькі туман і блізкі сваяк Скруджа — мароз.