Читать «Калядны харал» онлайн - страница 3
Чарлз Дыкенс
— Цьху, шахрайства! — ускрыкнуў Скрудж.
Ён, гэты Скруджаў пляменнік, так разагрэўся, весела ідучы туманнымі і марознымі вуліцамі, што ажно ззяў — яго прыгожы твар палаў румянцам, вочы радасна блішчэлі, а з рота валіла пара.
— Каляды — гэта шахрайства, дзядзечка? — здзівіўся пляменнік. — Я, мабыць, нешта недачуў!
— Дачуў-дачуў, — прабурчаў Скрудж. — Вясёлых Калядаў, кажаш? А якое права ты маеш весяліцца? Якія падставы маеш весяліцца? Ты што, недастаткова бедны?
— Тады, дзядзечка, — весела перабіў яго пляменнік, — якое права вы маеце сумаваць? Якія падставы маеце сердаваць? Вы што, недастаткова багаты?
Скрудж не прыдумаў нічога лепшага, як толькі выгукнуць “цьху”, дадаўшы для пераканальнасці сваё “шахрайства”.
— Чаго вы, дзядзечка, такі змрочны? — спытаў пляменнік.
— А якім мне яшчэ быць, — ускрыкнуў Скрудж, — калі вакол мяне адны дурні?! Вясёлых Калядаў?! Ды каб яны праваліліся, гэтыя вашыя вясёлыя Каляды! Што такое для вас усіх Каляды, калі не час плаціць па рахунках з пустых кішэняў, не час падводзіць гадавы баланс, а ў цябе кожны месяц — адны дзіркі ў бюджэце? Жыцця застаецца менш, а пазыкаў робіцца больш! Была б мая воля, — раздражнёна працягваў Скрудж, — я б кожнага ёлупа, які бегае і крычыць “вясёлых Калядаў”, зварыў разам з яго калядным пудынгам, а пасля ўвагнаў яму ў сэрца кол з вастралісту. Ох я б яго!
— Дзядзечка! — узмаліўся пляменнік.
— Пляменнік, — сувора абарваў яго Скрудж, — святкуй Каляды на свой лад, а мне дай святкаваць на свой!
— На свой? — ускрыкнуў пляменнік. — Ды вы іх увогуле ніяк не святкуеце!
— Ну дык і дай мне спакою! Шмат табе карысці ад тых Калядаў! Вельмі яны табе дапамогуць!
— Колькі ў свеце таго, з чаго я ніколі не займею карысці і што не прынясе мне грошай! — адказаў пляменнік. — Напрыклад, Каляды. Аднак я ўпэўнены, што заўсёды буду чакаць Калядаў як блаславёнага часу. Нават калі забыць пра святарны сэнс гэтай урачыстасці (хаця наўрад ці пра яго можна забыць), калядны дзень — самы цудоўны за ўвесь год, дзень дабрыні, міласэрнасці, даравання, адзіны дзень ва ўсім календары, калі людзі згодна з даўняй традыцыяй адкрываюць адно аднаму душы і бачаць у бяднейшых за сябе спадарожнікаў на шляху да іншага свету, а не чужынцаў, з якімі ім не па дарозе. А таму, дзядзечка, нягледзячы на тое, што гэты дзень ніколі не паклаў мне ў кішэню ніводнае манеткі, я ўпэўнены, што ён прыносіў і заўсёды будзе прыносіць мне дабро. Дык хай ён будзе блаславёны!
Клерк у каморцы мімаволі заслухаўся і запляскаў у далоні, аднак, зразумеўшы, што яго радасць несвоечасовая, сумеўся і кінуўся мяшаць у каміне агонь. Самотны вугольчык такога націску не вытрымаў і канчаткова згас.
— Яшчэ адзін гук, — крыкнуў Скрудж клерку, — і гэтыя Каляды вы адзначыце, страціўшы месца ў канторы! А вы, спадар, як я бачу, майстар часаць языком, — звярнуўся ён да пляменніка. — І чаму вы дагэтуль не ў парламенце?
— Хопіць злавацца, дзядзечка! Прыходзьце да нас заўтра на святочны абед!