Читать «Калядны харал» онлайн - страница 7

Чарлз Дыкенс

Так, менавіта твар Марлі. Яго не хавала глухая цемра, якая ахутала ўсё навокал, наадварот — ён нібы свяціўся злавесным святлом, зусім як падгнілы амар у цёмным склепе. Ён не быў ні раззлаваным, ні жорсткім, а проста пазіраў на Скруджа так, як пазіраў Марлі пры жыцці, пасунуўшы прывідныя акуляры на прывідны лоб. Валасы дзіўна шавяліліся, быццам ад гарачага подыху печкі, а шырока адкрытыя вочы былі нерухомыя. Усё гэта разам са змярцвела-бляклым колерам твару абуджала жах, але жах не перад самім тварам, а перад чымсьці, што было вышэйшае за яго і яму не падпарадкоўвалася.

Скрудж уважліва ўгледзеўся ў гэтае дзіва, і твар Марлі раптам зноў ператварыўся ў малаток.

Я зманю, калі скажу, што Скруджа гэта не ўразіла і кроў не застыла ў яго жылах, як бывала з ім толькі ў дзяцінстве. Аднак ён зноў намацаў ключ, рашуча павярнуў яго, увайшоў у пакой і запаліў свечку.

Ён, безумоўна, імгненне вагаўся, перш чым зачыніць дзверы, і, безумоўна, асцярожна азірнуўся, быццам баючыся ўбачыць тоненькую касічку Марлі, што вытыркнулася з-за дзвярэй. Аднак на дзвярах не было нічога, апроч шрубаў і гаек, на якіх трымаўся малаток, а таму, прабурчаўшы “цьху ты!”, Скрудж з ляскатам зачыніў дзверы.

Ляскат прайшоўся па ўсім доме, як грукат грому. Кожны паверх вышэй і кожная бочка ўнізе, у вінным склепе, адгукнуліся, здавалася, уласным рэхам. Аднак Скрудж быў не з тых, каго можа напалохаць рэха. Ён замкнуў дзверы і няспешна пакрочыў да лесвіцы, сочачы, каб свечка не згасла.

Вы можаце колькі заўгодна разважаць пра нашыя старыя добрыя лесвіцы, па якіх зусім не складана праехаць на шасцерыку коней (тым самым шасцерыку, на якім нескладана праехаць і праз дзірку ў новым кепскім законе). Аднак што яны ў параўнанні з лесвіцай Скруджа, па якой магло прайсці цэлае пахавальнае шэсце, нават калі б камусьці прыйшло да галавы паставіць катафалк упоперак, аглоблямі да сцяны і дзверцамі да балюстрады, — яшчэ і месца б засталося! Ну і шырокія былі гэтыя прыступкі! Магчыма, менавіта таму Скруджу раптам падалося, што перад ім у цемры па лесвіцы падымаюцца пахавальныя драбы. Нават паўтузіна вулічных газавых лямпаў не змаглі б цалкам асвятліць такую лесвіцу, а таму можаце сабе ўявіць, як мала дапамагала Скруджу яго свечка.

Аднак Скрудж пляваць на ўсё гэта хацеў, а таму спакойна рушыў уверх. Цемра нічога яму не каштавала, і таму ён любіў яе. Тым не менш Скрудж не замкнуў цяжкіх дзвярэй свайго жытла, пакуль не прайшоўся па пакоях і не ўпэўніўся, што ўсё ў парадку. Твар Марлі так убіўся яму ў памяць, што ён не мог гэтага не зрабіць.