Читать «Калядны харал» онлайн - страница 2
Чарлз Дыкенс
Гарачыня альбо мароз на вуліцы мала хвалявалі Скруджа. Ніякае цяпло яго не грэла, ніякая сцюжа не кідала ў дрыжыкі. Ніякі вецер не быў злейшым за яго, ніякі снегапад не рабіў сваю справу так настойліва, як ён, ніякая залева не заставалася такой глухой да чалавечых бедаў. Самае агіднае надвор’е не магло хоць як паўплываць на яго настрой. Залева, снег, град, завіруха маглі пахваліцца хіба адной перавагай: часам яны былі надзвычай шчодрымі, Скрудж жа шчодрым не быў ніколі.
Ніхто не спыняў яго на вуліцы і не пытаў з радаснай усмешкай: “Як маешся, дарагі мой Скрудж? Калі зазірнеш да мяне?” Ніводны жабрак не выпрошваў у яго манеткі, ніводнае дзіця не пытала, якая цяпер гадзіна, ніводны мужчына альбо жанчына ніколі ў жыцці не паспрабавалі дазнацца ў яго, як куды-небудзь прайсці. Здавалася, што нават сабакі сляпых ведалі яго і, заўважыўшы непадалёк, адцягвалі гаспадароў у найбліжэйшы двор ці падваротню, а пасля матлялі хвастом, нібы кажучы: “Лепш ужо зусім без вачэй, як ты, гаспадар, чым з паганым вокам”.
Але хіба Скруджа гэта трывожыла? Ды ён толькі таго і хацеў! Ён ішоў сабе па ўзбочыне шумнай дарогі жыцця, старанна пазбягаючы чалавечых пачуццяў, і тыя, хто яго ведаў, казалі, што яму гэта вельмі падабаецца.
І вось аднаго дня — прычым не абы-калі, а ў пярэдадзень Калядаў — Скрудж, надзвычай заняты, сядзеў у канторы. На дварэ было холадна і сыра, а да таго ж яшчэ надзвычай туманна, і Скрудж чуў за акном крокі людзей, якія беглі па справах, цяжка дыхаючы, б’ючы сябе ў бакі і гучна тупаючы па ходніку, каб сагрэцца. Гарадскія куранты толькі-толькі прабілі тры гадзіны, але ўжо цямнела — дзень увогуле быў з самай раніцы пахмурны, — і ў вокнах суседніх кантораў запальваліся свечкі, падобныя да рудых плямак у цяжкой бурай імжы. Туман запаўзаў у кожную дзірачку і замочную шчылінку, а звонку быў такі густы, што нават дамы на другім баку гэтага цеснага двара былі ледзьве бачныя. Гледзячы на гэтую цьмяную завесу, што апускалася ніжэй і ніжэй, хаваючы ўсё навокал, можна было падумаць, нібыта прырода пабудавала побач бровар, каб наварыць на Каляды піва.
Скрудж заўсёды прачыняў дзверы свае канторы, каб сачыць за клеркам, які ў маленькім панылым пакойчыку, а дакладней каморцы перапісваў паперы. Калі ў Скруджавым каміне вугалю было малавата, дык у каміне клерка — яшчэ меней: здавалася, там тлеў усяго адзін вугольчык. Аднак падкінуць вугалю было немагчыма, бо Скрудж трымаў яго ў сваім пакоі, і варта было клерку з’явіцца там з шуфлікам, як гаспадар прадказваў, што кагосьці хутка звольняць. А таму клерк старанней абмотваў шыю белым шалікам і спрабаваў сагрэцца ля свечкі, аднак, не маючы багатага ўяўлення, і тут цярпеў паразу.
— Вясёлых Калядаў, дзядзечка! Блаславі вас Бог! — пачуўся раптам радасны голас. Гэта быў пляменнік Скруджа, які так імкліва ўварваўся ў кантору, што Скрудж заўважыў яго толькі пасля таго як пачуў віншаванне.