Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 25

Жан Поль Сартр

- Так, але што, калi потым я ўжо не здолею павярнуць назад?

Ад нечаканасцi Бержэр скалануўся.

- Павярнуць назад? Але хто кажа, што трэба вяртацца? Калi вы звар'яцееце тым лепш. Потым, як кажа Рэмбо, "прыйдзе жудасны натоўп другiх працавiкоў".

- Я так i думаў, - сумна прамовiў Люсьен.

Ён заўважыў, што iх доўгiя размовы прыносяць зусiм iншы вынiк, чым той, на якi спадзяваўся Бержэр: як толькi Люсьен лавiў у сабе нейкае надта далiкатнае пачуццё, нейкае незвычайнае ўражанне, яго пачынала трэсцi. "Ну ўсё, пачынаецца", - думаў ён. Ён з задавальненнем бы пагадзiўся, каб у яго засталiся толькi сама ардынарныя, сама грубыя адчуваннi; цяпер на душы яму рабiлася вольна толькi ўвечары, калi ён быў дома, з бацькамi: гэта было яго адзiнае сховiшча. Яны гутарылi пра Брыяна, пра варожасць немцаў i кошт жыцця, пра тое, як прайшлi роды ў кузiны Жаны, i Люсьен з асалодай абменьваўся з iмi думкамi сама банальнага разумнага сэнсу. Аднойчы, вярнуўшыся пасля сустрэчы з Бержэрам, ён машынальна зачынiў дзверы ў сваiм пакоi на ключ i засунуў зашчапку. Заўважыўшы за сабой гэты рух, ён хацеў быў спачатку пасмяяцца, але ўрэшце не здолеў заснуць усю ноч: ён зразумеў, што яму страшна.

I ўсё-такi нi за што на свеце ён не перастаў бы хадзiць да Бержэра. "Ён гiпнатызуе мяне", - думаў Люсьен. Ён бязмежна цанiў той далiкатны i такi своеасаблiвы дух таварыскасцi, якi Бержэр здолеў стварыць i падтрымлiваць памiж iмi. Захоўваючы заўсёды мужчынскi i амаль грубаваты тон, Бержэр умеў даць Люсьену адчуць i нават, калi так можна сказаць, - убачыць дотыкам сваю ласку: ён, напрыклад, часта перавязваў яму гальштукi i ўшчуваў пры гэтым за неахайства цi прычосваў прывезеным з Камбоджы залатым грабянцом. Ён раскрыў Люсьену прыгажосць яго цела i растлумачыў няскладнае, але такое замiлавальнае хараство юнацтва.

- Вы - Рэмбо, - казаў ён Люсьену. - Калi ён прыехаў у Парыж, каб сустрэцца з Верленам, у яго былi вашы вялiкiя рукi, i такi ж здаровы, румяны твар, як у сялянскага хлопца, i такое ж зграбнае, кволае цельца бялявай дзяўчынкi.

Ён загадаў Люсьену расшпiлiць каўнер, раскрыць кашулю i, падвёўшы сканфужанага юнака да люстра, прымусiў яго любавацца чароўным спалучэннем чырванi шчок з беласцю шыi; потым, лёгкай рукою правёўшы Люсьену па сцёгнах, ён з сумам сказаў:

- Трэба было б канчаць жыццё ў дваццаць год.

Люсьен часта цяпер разглядаў сябе ў люстры i вучыўся радавацца сваёй юнай i такой яшчэ няскладнай зграбнасцi. "Я Рэмбо", - думаў ён па вечарах, млява распранаючыся перад сном. I яму пачынала верыцца, што жыццё ў яго будзе кароткае i трагiчнае, як у занадта прыгожай кветкi. У такiя хвiлiны яму здавалася, што некалi вельмi даўно ў яго ўжо былi падобныя думкi, i з падсвядомасцi ў яго ўсплывала нейкая бязглуздая карцiна: ён, зусiм маленькi, у доўгай блакiтнай сукенцы з анёльскiмi крылцамi раздае кветкi на лiцытацыi ў дапамогу бедным. Ён глядзеў на свае даўгiя ногi i з усмешкаю думаў: "Няўжо ў мяне сапраўды такая пяшчотная скура?" I аднойчы ён не стрымаўся i правёў губамi ад запясця да ямкi на згiне локця, уздоўж такой чароўнай, тонкай блакiтнай жылкi.