Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 23

Жан Поль Сартр

- Мне падабаюцца людзi, якiя жывуць у збянтэжанасцi, - казаў Бержэр, - i па-мойму, вам выпала незвычайная ўдача. Бо вам гэта, урэшце, дадзена. А вы зiрнiце на гэтых парсюкоў. Якiя яны ўпэўненыя, непахiсныя. Iх трэба было б кiнуць да чырвоных мурашак, каб тыя iх крыху пацвялiлi. Вы ведаеце, што робяць гэтыя руплiвыя казявачкi?

- Ядуць чалавечыну, - адказаў Люсьен.

- Менавiта! Яны вызваляюць шкiлет ад чалавечага мяса.

- Зразумела, - сказаў Люсьен. I дадаў: - А я? Што рабiць мне?

- Нiчога, дзеля ўсяго святога, - з камiчным спалохам адказаў Бержэр. - I галоўнае - не сядзець так непахiсна, як гэтыя. Прынамсi, - смеючыся, дадаў ён, - калi не патрапiце на паль. Вы чыталi Рэмбо?

- Н-не, - прызнаўся Люсьен.

- Я пазычу вам "Азарэннi". Слухайце, нам трэба яшчэ абавязкова сустрэцца. Калi вы не заняты ў чацвер, заходзьце да мяне гадзiне а трэцяй, я жыву на Манпарнасе, на вулiцы Кампань-Прэмьер, дом 9.

У наступны чацвер Люсьен быў у Бержэра, а ў маi ўжо пачаў хадзiць да яго ледзь не кожны дзень. Берлiяку яны дамовiлiся казаць, што бачацца раз на тыдзень: яны хацелi быць з iм i шчырыя, i не надта яго засмучаць. Але Берлiяк усё роўна быў не ў сабе; аднойчы ён, хiхiкаючы, сказаў Люсьену:

- Ну што, завялi ўжо шуры-муры? Ён табе пра занепакоенасць, ты яму пра самагубства, i пайшло: выдатна, чаго там!

Люсьен незалюбiў.

- Папрашу заўважыць, - чырванеючы, сказаў ён, - што пра маё самагубства першы сказаў якраз ты.

- О-хо-хо! - адказаў Берлiяк. - Ды гэта толькi, каб табе пасля сорамна не было, што ты сам расказаў.

Яны пачалi сустракацца радзей.

- Усё, што мне падабалася ў iм, - прызнаўся аднойчы Люсьен Бержэру, - усё гэта ён пазычаў у вас. Цяпер я гэта выдатна бачу.

- Берлiяк - малпа, - смеючыся, сказаў Бержэр, - гэта мяне да яго i вабiла. Вы, дарэчы, ведаеце, што яго бабка па мацi жыдоўка? Гэта шмат чаго праясняе.

- Вядома, - пагадзiўся Люсьен i потым дадаў: - Зрэшты, ён файны хлопец.

Бержэрава кватэра была поўная розных пацешных рэчаў: тут стаялi фарбаваныя драўляныя зэдлiкi ў выглядзе жаночых ног з сядзеннямi з чырвонага аксамiту, красавалiся мурынскiя статуэткi, ашчацiнены шыпамi пояс цноты з каванага жалеза, гiпсавыя грудзi, утырканыя маленькiмi лыжкамi, а на пiсьмовым стале ляжалi гiганцкая бронзавая блыха i ўкрадзены з касцярнi ў Мiстры манаскi чэрап, якiм гаспадар карыстаўся, як прэс-папье. Сцены замест шпалераў былi спрэс абклееныя лiстамi, у якiх паведамлялася пра смерць сюррэалiста Бержэра. Нягледзячы на гэта, кватэра пакiдала ўражанне разумнага камфорту, i Люсьену падабалася часам паляжаць на мяккай канапе ў палiльным пакоi. Але больш за ўсё яго здзiўляла мноства фацэцiй з падвохам, якiя былi сабраны ў Бержэра на адной этажэрцы; сярод iх былi замерзлая вадкасць, чхальны парашок, зудлiвая шчэць, нятонучы цукар, д'ябальскае дзярмо, нявесцiны падвязкi. Размаўляючы з Люсьенам, Бержэр браў дзярмо двума пальцамi i доўга, сур'ёзна яго разглядаў.

- Гэтыя жарты, - казаў ён, - маюць рэвалюцыйную сутнасць; яны хвалююць. У iх больш зруйнавальнай сiлы, чым у Поўным зборы твораў Ленiна.