Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 21

Жан Поль Сартр

У маi Берлiяк пачаў прагульваць заняткi ў лiцэi, i Люсьен пасля ўрокаў сустракаўся з iм у бары на вулiцы Пцiшан, дзе яны частавалiся вермутам "Круцыфiкс". Аднойчы ў аўторак, прыйшоўшы ў бар у другой палове дня, Люсьен заспеў Берлiяка за столiкам, на якiм стаяў ужо апарожнены келiх.

- А, прыйшоў, - сказаў Берлiяк. - Слухай, мне трэба чухаць, а пятай гадзiне я мушу быць у зубнога. Ты мяне пачакай, ён тут побач, мне ўсяго на паўгадзiнкi.

- О'кэй, - адказаў Люсьен, апускаючыся на крэсла. - Франсуа, дайце мне белага вермуту.

У гэты момант у бар увайшоў чалавек, якi, заўважыўшы iх, неяк дзiўна ўсмiхнуўся. Берлiяк пачырванеў i паспешлiва ўстаў. "Хто б гэта мог быць?" падумаў Люсьен. Пацiскаючы незнаёмаму руку, Берлiяк стаяў так, каб загарадзiць ад яго Люсьена; ён гаварыў хуткiм i трошкi прыглушаным голасам, але мужчына адказаў вельмi выразна:

- Ды ну, хлопча, не, не, ты так i застанешся, вiдаць, вечным блазнам.

Адначасова ён прыўстаў на дыбачкi i са спакойнай упэўненасцю пачаў разглядаць Люсьена паверх Берлiякавай галавы. На выгляд яму было гадоў трыццаць пяць, у яго быў крыху бледны твар i чароўная бялявая шавялюра. "Несумненна, гэта Бержэр, - падумаў Люсьен, i сэрца ў яго забiлася, - Якi ж ён прыгожы!"

Нясмела настойлiвым жэстам Берлiяк паспрабаваў узяць незнаёмца за локаць.

- Хадземце са мной, - сказаў ён, - мне зараз трэба да зубнiка, гэта зусiм побач.

- Але ты, па-мойму, з сябрам, - адказаў той, не зводзячы з Люсьена вачэй, - i табе, напэўна, трэба нас пазнаёмiць.

Люсьен устаў i шырока ўсмiхнуўся. "Дастаў!" - падумаў ён; шчокi ў яго гарэлi. Берлiякава шыя раптам правалiлася ў плечы, i на нейкае iмгненне Люсьену здалося, што зараз той адмовiцца iх знаёмiць.

- Ну дык што, назавi ж мяне пану, - сказаў Люсьен вясёлым голасам.

Але не паспеў ён закончыць фразы, як кроў прылiла яму да скроняў, i яму захацелася правалiцца скрозь зямлю, Берлiяк крута павярнуўся i, не гледзячы нi на каго, прабалбатаў:

- Люсьен Флёр'е, лiцэйскi прыяцель; пан Ашыл Бержэр.

- Пане, я захапляюся вашымi творамi, - слабым голасам прамовiў Люсьен.

Бержэр узяў яго руку ў свае доўгiя i тонкiя далонi i прымусiў сесцi. Запанавала маўчанне; Бержэр ахунаў Люсьена цёплым ласкавым позiркам i ўсё не выпускаў рукi.