Читать «Мур (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Жан Поль Сартр

Ён не падыходзiў, але я адчуў, што ён глядзiць на мяне. Я падняў галаву i зiрнуў яму ў твар. Тады ён сказаў нейкiм невыразным голасам:

- Вам не здаецца, што тут можна азглець?

Вiдаць, яму было холадна: ён быў увесь шызы.

- Мне не холадна, - адказаў я.

Ён па-ранейшаму глядзеў на мяне жорсткiмi вачыма. I раптам я зразумеў - я падняў рукi да твару i адчуў, што ён у мяне ўвесь мокры. Седзячы ў гэтым склепе, у разгар зiмы, на самым скразняку, я сплываў потам. Я правёў пальцамi па валасах: яны склеiлiся ад лiпкай вiльгацi; тады я заўважыў, што кашуля на мне таксама прамокла i прыстала да цела: з мяне цякло ўжо, прынамсi, гадзiну, а я нiчога не адчуваў. Але ад гэтага бельгiйскага парсюка нiчога не ўнiкла, гэты паскуднiк заўважыў, што па шчоках у мяне паўзуць потныя кроплi, i, вiдаць, падумаў: гэта праява крайняй паталагiчнай прыгнечанасцi; вядома, ён адчуваў сябе нармальна, ён мог ганарыцца гэтым - яму было холадна. Я хацеў устаць i набiць яму пысу, але ледзь прыўзняўся, як сорам i злосць адразу знiклi, i я зноў абыякава апусцiўся на лаву.

Я абмежаваўся тым, што абцёр шыю насоўкаю. Цяпер я адчуваў, як ад мяне жудасна тхне потам, што цячэ з валасоў на патылiцу. Гэта было непрыемна. Але хутка я кiнуў абцiрацца, занятак быў цалкам дарэмны: насоўку ўжо можна было выкручваць, а пот усё лiў i лiў. Ногi i зад былi таксама мокрыя, нагавiцы прылiпалi да лавы.

Раптам загаварыў Хуан:

- Вы медык?

- Але, - сказаў бельгiец.

- Скажыце, пакутуюць... доўга?

- О! Калi?.. Ды не, - сказаў бельгiец бацькоўскiм голасам, - усё вельмi хутка.

Ён казаў гэта так, нiбы супакойваў хворага, якi заплацiў яму грошы.

- Але я... мне казалi... што часта прыходзiцца страляць другi раз.

- Часам бывае, - сказаў бельгiец, кiваючы галавой. - Здараецца, што першы залп не закранае нiякага жыццёва важнага органа.

- Значыць, iм прыйдзецца зноў зараджаць i зноў цэлiцца?

Хуан задумаўся i сказаў хрыплым голасам:

- Гэта так доўга!

Ён вельмi баяўся болю i ўвесь час толькi i думаў пра боль: яго ўзросту гэта ўласцiва. Я ж пра гэта амаль не думаў, пацець мяне прымушала зусiм не боязь пакуты.

Я ўстаў i прайшоўся да вугальнай кучы. Том здрыгануўся i зiрнуў на мяне нiбыта з нянавiсцю: я яго раздражняў - у мяне рыпелi падэшвы. Неба было цудоўнае, нiводнага водблiску не пранiкала ў гэты змрочны закутак, толькi над самай маёй галавой свяцiўся Вялiкi Воз. Але цяпер усё было не так, як раней: заўчора, седзячы ў арцыбiскупскiм карцэры, я таксама глядзеў на вялiкi кавалак неба, якi быў вiдзён за акном, i кожная гадзiна прыносiла новы ўспамiн. Ранiцай, калi неба было ахiнутае сакавiтым празрыстым блакiтам, мне прыгадваўся пляж на ўзбярэжжы Атлантыкi, апоўднi, калi ў акно зазiрала сонца, я ўспамiнаў пра бар у Севiллi, дзе пiў вiно i закусваў хамсою з алiўкамi, а надвячоркам, калi карцэр апускаўся ў сутонне, думаў пра змрочны цень, якi пакрываў палову арэны, калi другая ўся зiхацела пад сонцам: было балюча i сумна бачыць усе гэтыя зямныя выявы адбiтымi толькi на небе. Але цяпер, колькi я нi глядзеў на неба, яно не выклiкала ў мяне нiякiх успамiнаў. I па-мойму, так было нават лепш. Я адышоў i сеў побач з Томам. Доўга панавала цiшыня.