Читать «Мур (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Жан Поль Сартр

- Я доктар, - сказаў ён. - У мяне ёсць дазвол пабыць у гэтых цяжкiх абставiнах побач з вамi.

У яго быў прыемны i ветлiвы голас. Я сказаў яму:

- Што вы будзеце тут рабiць?

- Я ўвесь у вашым распараджэннi. Я пастараюся зрабiць усё магчымае, каб гэтыя некалькi гадзiн былi вам менш цяжкiя.

- Чаму вы прыйшлi менавiта да нас? Здаецца, тут хапае народу, увесь шпiталь напакаваны бiтком.

- Мяне сюды прыслалi, - сказаў ён нейкiм няўпэўненым голасам i адразу дадаў: - О, можа, вам хочацца запалiць? У мяне ёсць цыгарэты i нават цыгары.

Ён працягнуў нам пачак ангельскiх цыгарэт i некалькi гаванскiх цыгар, але мы адмовiлiся. Я зiрнуў яму ў вочы, i гэта яго, здаецца, збянтэжыла. Я сказаў:

- Вы прыйшлi сюды не дзеля спагады. Дарэчы, я вас ведаю. У той дзень, як мяне арыштавалi, я бачыў вас з фашыстамi - вы стаялi на дварэ каля кашараў.

Я хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але раптам са мной штосьцi здарылася, я нават здзiвiўся: прысутнасць гэтага лекара неяк адразу зусiм перастала мяне цiкавiць. Звычайна, калi я лаўлю на чымсьцi чалавека, я проста так яго ўжо не адпускаю. А тут - ахвота гаварыць мяне абсалютна пакiнула; я адно пацiснуў плячыма i адвярнуўся. Праз нейкi час я зноў павярнуў галаву: лекар зацiкаўлена глядзеў на мяне. Наглядчыкi паселi на матрацы. Пэдра, доўгi i худы, сядзеў, склаўшы рукi, i круцiў вялiкiмi пальцамi, другi, каб прагнаць сон, час ад часу матляў галавой.

- Можа, прынесцi святло? - раптам спытаў Пэдра ў доктара.

Той кiўнуў: розумам ён, вiдаць, вызначаўся не болей чым бот, хоць, напэўна, быў i не злы. Мяркуючы па яго халодных блакiтных вачах галоўнай яго заганай быў недахоп уяўлення. Пэдра выйшаў i вярнуўся з газнiцай, якую паставiў на краю лавы. Свяцiла яна кепска, але гэта было лепш, чым нiчога: мiнулую ноч мы праседзелi ў поўнай цемры. Я доўга глядзеў на светлае кола, намаляванае лямпай на столi. Я быў нiбыта ў здранцвеннi. I потым, раптам, як быццам прачнуўся, светлае кола знiкла, i я адчуў, як на мяне навальваецца страшэнны цяжар. Не, гэта была не думка пра смерць i не страх: гэтаму не было назвы. У мяне раптам запякло ў скiвiцах, чэрап пачаў расколвацца.

Але я схамянуўся i зiрнуў на двух сваiх прыяцеляў. Том абхапiў голаў рукамi, i я мог бачыць толькi яго тлусты i белы карак. З Хуанам было зусiм кепска: нiжняя скiвiца ў яго адвiсла, ноздры дрыжалi. Доктар падышоў да яго i, нiбыта каб падбадзёрыць, паклаў руку на плячо, але вочы ў яго былi такiя ж халодныя. Я заўважыў, як бельгiец спрытна апусцiў руку i ўзяў Хуана за запясце. Той паставiўся да гэтага абсалютна абыякава. Нiбы незнарок бельгiец сцiснуў запясце трыма пальцамi, крыху адступiў i павярнуўся да мяне спiнай. Я адхiлiўся трошкi назад i ўбачыў, як ён выняў з кiшэнi гадзiннiк i пэўны час, не выпускаючы запясця, пазiраў на яго. Нарэшце ён адпусцiў вялую нежывую руку малога i адышоў. Пэўны час ён стаяў, абапершыся спiнаю аб сцяну, i потым, нiбыта раптам прыгадаўшы нешта вельмi важнае, што трэба неадкладна занатаваць, выняў блакнот i запiсаў у iм колькi радкоў. "Поскудзь, - са злосцю падумаў я, - няхай толькi паспрабуе памацаць мне пульс, адразу дастане ў паганую пысу".