Читать «Карычневая магiя (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Андрэ Моруа
А тут яшчэ дадалiся сардэчныя трывогi. З таго часу як Бланш пачала трацiць сваю прывабнасць, ён стаў здраджваць ёй. Спачатку, калi Дзюрук лавiў сельскiх дзяўчат, Бланш прыкiдвалася, што не бачыць, спадзеючыся, паправiўшы сваё здароўе, вярнуць i мужа. Потым ён пусцiўся ў залёты да маладой жанчыны з Пон-дэ-Лёра Мацiльды Фраман, удавы архiтэктара. Я яе добра ведаў, жанчына сумленная, але Геркул Дзюрук прыставаў як смала. Бланш увесь час пыталася ў мяне пра сваю сапернiцу, горка плакала i скардзiлася. Я прапiсваў ёй для супакаення няшкодныя бромiстыя кроплi.
Так мiнула яшчэ два гады.
Вечарам у студзенi 1897 года з Клеры прымчаўся на веласiпедзе слуга, пазванiў у мой дом i папрасiў мяне як мага хутчэй з'явiцца ў замак. "Панi вельмi дрэнна", - паведамiў ён. Як я нi пытаўся, ён мне нiчога не растлумачыў, сказаў, што сам не ведае, што яго разбудзiў пан, загадаў мяне адшукаць, i толькi. Я прыехаў у брычцы i знайшоў маю клiентку распасцёртай на ложку. Яе сэрца не бiлася. Бланш сканала гадзiны дзве назад. Нiякiх сiмптомаў, больш-менш сур'ёзных, што я назiраў у яе дагэтуль, я не мог прыгадаць, каб вытлумачыць раптоўную смерць такой маладой жанчыны, i, натуральна, без асаблiвага давер'я пачаў распытваць яе мужа, спакой i вытрымка якога мяне вельмi ўразiлi:
- Скажыце, нарэшце, што тут здарылася?
- Я сам не разумею, доктар... Вечарам Бланш, як звычайна, зайшла ў туалетны пакой. Перад сном яна заўсёды доўга прычэсваецца... Яна не вярталася, але я спачатку не прыдаў гэтаму значэння. I толькi праз гадзiну, занепакоiўшыся, паклiкаў яе. Адказу не было, i я ўвайшоў... Яна сядзела непрытомная, з распушчанымi валасамi... Побач на падлозе валяўся грэбень... Каб не спiнка крэсла, яна б упала таксама.
- Вы кажаце "непрытомная"? Значыць, тады яна яшчэ не была мёртвая?
- Напэўна, была, бо да свядомасцi яна так i не прыходзiла. Але тады я не здагадваўся. Я перанёс яе ў нашу спальню. Яна не паварушылася.
- Скажыце, апошнiмi днямi ёй зрабiлася горш?
- Не, доктар... Наадварот, учора за абедам яна была нават весялейшая.
- Як вы думаеце, былi ў яе карыстаннi яды, наркотыкi? Магла яна прыняць што-небудзь такое?
- Нi ў якiм разе, доктар... Толькi з майго дазволу.Я ўважна агледзеў спальню i туалетны пакой i не знайшоў нi флакона, нi цюбiка, нiякага прадмета, якi выклiкаў бы падазрэнне. Лякарствы, што захоўвалiся ў белай шафцы, былi ўсе прапiсаны мною. Я абследаваў цела. Нi драпiны, нi сiняка... Нiякiх пашкоджанняў. I я прыняў рашэнне.
- Пан Дзюрук, - сказаў я з горыччу. - Гэта вельмi сумна, але я не магу без экспертызы выдаць вам пасведчанне... Зрабiўшы так, я меў бы сур'ёзныя непрыемнасцi ад органаў цывiльнага нагляду. Прыйдзецца труп анатамiраваць з удзелам доктара-крымiналiста.