Читать «Карычневая магiя (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Андрэ Моруа

Некалькi месяцаў мулат ездзiў туды i сюды памiж Парыжам i Пон-дэ-Лёрам, дарваўшыся да раскошнага жыцця, асыпаючы падарункамi гаспадынь тых дамоў, дзе яго прымалi. У кастрычнiку ён купiў замак Клерысюр-Iтон, i тады ўсюды загаварылi, што ён збiраецца ажанiцца са сваёй кузiнай. Грамадская думка не ўхвалiла гэтага намеру. Можна не сумнявацца, што весткi, сабраныя мясцовым панствам пра Геркула Дзюрука i, асаблiва, пра яго бацьку, былi добрыя. Нiхто не адмаўляў, што мулат быў вельмi багаты, а Бланш дзяўчына бедная. I ўсё ж цi досыць гэтага, каб палкоўнiк згадзiўся прынесцi ў ахвяру сваю дачку? У Пон-дэ-Лёры меркавалi iначай.

Але там не ведалi, што Бланш нiчым не выяўляла непрыхiльнасцi да сваяка мулата, а яе бацькi не вельмi гналiся за чужым багаццем i не прымушалi яе. Наадварот, яна сама дамаглася, каб шлюб адбыўся па ўзаемнай згодзе i як мага хутчэй. Калi Геркул Дзюрук пасялiўся ў Клеры, кажуць, што Бланш са сваёй мацi даволi доўга гасцявала там, кiравала работамi па аздабленню замка i паводзiла сябе як гаспадыня. Абурэнне было агульным, i некалькi юнакоў, закаханых у Бланш, з гневам адвярнулiся ад палкоўнiка. Каб яны маглi бачыць, як аднойчы выпадкова давялося мне, з якiм запалам Бланш углядалася ў цёмны твар свайго Атэла, цi, яшчэ лепш, каб яны ўбачылi захапленне дзяўчыны, калi, седзячы на беразе ракi Лёр, яна любавалася адлюстраваным у вадзе бронзавым целам свайго сапраўды цiкавага сваяка, яны б астылi адразу.

* * *

Вянчанне адбылося ў каплiцы Клеры. Пышнага вяселля не рабiлi. Маладыя паехалi ў Судан, бо Геркул Дзюрук хацеў праверыць там свае плантацыi. Палкоўнiк, якому зяць пакiнуў пенсiю, вызвалiўся ад службы ў "Прамысловым клубе" i перабраўся на радзiму сваёй жонкi каля Арманцьера. Калi маладыя Дзюрукi вярнулiся, некалькi асоб, у тым лiку натарыус Пельто, запрасiлi iх на абед.

- Ну, i як яны? - запытаў я ў натарыуса.

- На маю думку, - адказаў той, - яны кахаюць адно аднаго... I ўсё ж, на яе месцы, я не быў бы спакойны... У гэтым чалавеку, пры ўсiх яго культурных манерах, ёсць нешта дзiкае.

- А пра свае справы ён расказваў? - зусiм натуральна пацiкавiўся я, паколькi i сам уклаў невялiкую суму грошай у "Таварыства бавоўна-каўчук".

- Ну, вядома... Але ўсё куды горш, чым я меркаваў спачатку... Баюся, што праз некаторы час мы расчаруемся... Ёсць рахункi, якiх я проста не разумею.

Так да канца нiхто i не разабраўся ў дзейнасцi Геркула Дзюрука. Пэўнымi з'яўляюцца тры факты: акцыянеры не атрымалi нi аднаго су прыбытку, "Таварыства", праiснаваўшы некалькi цяжкiх гадоў, збанкруцiлася, сам жа Геркул застаўся пры сваiм багаццi. Гэтая нячыстая камбiнацыя адшыла ад мулата ўсiх, хто некалi добра ставiўся да яго. Геркул i Бланш замкнулiся ў сваiм замку i нiкуды не выязджалi.

Гадоў праз чатыры, а можа, праз пяць пасля iх жанiцьбы, дакладна не памятаю, мяне ўпершыню запрасiлi ў Клеры. Бланш Дзюрук нейк дзiўна змянiлася. Гэта слаўная жанчына, што была для мяне ўвасабленнем сiлы i стойкасцi, страшэнна схуднела. Яна стала нервовай, яе фламандскi румянец знiк, вочы ўвалiлiся i палiнялi. Я не знаходзiў нi праяў туберкулёзу, нi слядоў iншых захворванняў. Парушэнняў арганiчных функцый не назiралася, але фiзiчныя прычыны гэтай змены вызначыць было няцяжка. Яе муж, чалавек ненасытнай пажадлiвасцi i, па ўсiм вiдаць, наравiсты i люты, яе вельмi стамiў. Некалькi разоў яна была цяжарнай, але дабром гэта не канчалася.