Читать «Карычневая магiя (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Андрэ Моруа

Выгляд у мулата быў журботны, але ён анi не трывожыўся.

Другое анатамiраванне, гэтак жа як i першае, было адмоўным.

- Нiколi ў маёй практыцы, - сказаў нам спецыялiст, - я не сустракаў больш цёмнага факта... Мыш'як? Не... Алкалоiды? Не...

- Ёсць яды, што не пакiдаюць слядоў.

- Так... Вядома... Але ж трэба даказаць, што iх меў пры сабе абвiнавачаны... Купiць iх цяжка... Асаблiва яму... Кожны аптэкар, хто яго бачыў, адразу б успомнiў... Яго партрэт i прыкметы мы паслалi ва ўсе навакольныя аптэкi i нават у Парыж. Нi ў адну з iх ён не заходзiў, калi не лiчыць звычайных пакупак.

- А цi не мог ён прывезцi з Афрыкi туземных ядаў?

- Магчыма... Але ўсе гатункi iхнiх ядаў пакiдаюць выразны след... А я паўтараю вам, нiводзiн з унутраных органаў не быў пашкоджаны.

- А цi нельга дапусцiць, што гэты Дзюрук мае здольнасць схiляць свае ахвяры да небывалых форм самазнiшчэння? Я, здаецца, недзе чытаў пра туземцаў, што некаторыя з iх памiраюць, прымусiўшы сэрца спынiцца намаганнем волi... Гэтаму цяжка даць веры, але, як кажа Гамлет, "ёсць болей з'яў пад небам..."

- Усё магчыма, дарагi калега, але патрэбны доказы i яшчэ раз доказы... А калi iх няма, злачынца трэба адпусцiць.

- Злачынца?.. Вы лiчыце яго вiнаватым?

- Нi хвiлiны не сумняваюся... Няма i не можа быць выпадковага супадзення дзвюх аднолькавых таямнiчых смярцей... Ва ўсякiм разе матэматычная дапушчальнасць такога супадзення настолькi малая, што яе можна прыраўняць да нуля.

- А хiба вашы вывады не з'яўляюцца дастатковым доказам?

- Для вас i для мяне - так... Магчыма... Але я не ўяўляю, каб суд прысяжных мог абвiнавацiць на падставе адных праўдападобных меркаванняў... Не, калi следства не дасць нiчога больш грунтоўнага, прыйдзецца гэтага Дзюрука апраўдаць...

Так яно i было. Дзюрук вярнуўся ў замак Клеры, але ўсе яго служачыя паразбягалiся. Я думаў, што пасля такой агульнай няславы, ён куды-небудзь выедзе. Нiчога падобнага! Ён упёрся ў сваё. Парк здзiчэў. Лiпавыя альтанкi без догляду разраслiся так, што засланiлi дом.

Мiнула некалькi гадоў. I вось аднойчы Пон-дэ-Лёр з абурэннем даведаўся, што Дзюрук у Парыжы ажанiўся трэцi раз i ў замку Клеры з'явiлася новая гаспадыня. Гэта гiсторыя пачала ўжо нагадваць прыгоды Сiняй Барады, i сёй-той з нашага кола прадказваў з цвёрдай упэўненасцю блiзкую смерць неасцярожнай жанчыны.

Хто яна? Адкуль? Дзе ён яе падхапiў? Гэтага так i не ўдалося высветлiць. Маладзенькая дзяўчына. Звалi яе Далорэс дэ Кеведа, але, нягледзячы на сваё iмя, яна была францужанка, ва ўсякiм разе па-французску гаварыла без акцэнту. I хоць я пазнаёмiўся з ёю значна пазней, у пару яе сталасцi, але скажу, што мне рэдка даводзiлася бачыць жанчыну зграбнейшую. Чысценькi правiльны твар, гладкiя чорныя валасы, высокiя круглыя бровы, выгляд уладарны i спакойны. Гэты Дзюрук, хоць i вялiкi нягоднiк, але ўмеў разбiрацца ў жаночым харастве.