Читать «Карычневая магiя (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Андрэ Моруа

- Панове, я дазволiў сабе прывесцi сюды Геркула Дзюрука, майго дваюраднага брата.

Пры святле чалавек гэты зрабiў моцнае ўражанне. Валасы яго, плоеныя шчыпцамi, не мелi натуральнай кучаравасцi i блiшчалi сiвiзной, хоць сам ён быў яшчэ малады. Рысы твару былi прыгожыя, але шырокiя ноздры надавалi аблiччу празмерную ганарыстасць. Гаспадары Пон-дэ-Лёра баязлiва вiталiся з госцем, i карычневая лапiшча да болю пацiскала iм рукi. Адзiн з iх (пан Рамiйi, калi мне не здраджвае памяць) адвёў палкоўнiка ў кут i папрасiў даць некаторыя тлумачэннi.

- Усё надзвычай проста, - пачаў палкоўнiк. - Было гэта вельмi даўно. Нейкi Жан Дзюрук, дваюрадны брат майго бацькi, награшыўшы ў маладосцi, адправiўся ў Судан шукаць шчасця. Ён вырошчваў бавоўну, збiраў каўчук i страшэнна разбагацеў... Мае сябры, вяртаючыся з Афрыкi, не раз пыталiся ў мяне: "Вы што, радня магнату Дзюруку?" Ад туземнай жанчыны ў Жана быў сын, гэты самы Геркул. Жан яго прызнаў i даў яму адукацыю ў французскай школе. У мiнулым годзе бацька памёр, пакiнуўшы свайму адзiнаму сыну каласальных памераў спадчыну... Хлапчына, якi стаiць перад вамi, якому няма яшчэ i сарака гадоў, мае ў сваiм уладаннi зямлi i лесу столькi, што там бы змясцiлася некалькi французскiх дэпартаментаў... У яго самыя шырокiя планы, ён лiчыць, што надыдзе час, калi нашы калонii сваёй бавоўнай змогуць пацяснiць Злучаныя Штаты, а каўчуком Малайю... Але ў гэтых пытаннях, панове, вы лепшыя суддзi i знаўцы, чым я. Геркул будзе вельмi рады мець ад вас кансультацыю.

Прамыслоўцы Пон-дэ-Лёра абступiлi прыгожага мулата i засыпалi яго дзелавымi пытаннямi. Ён адказваў разумна i ўпэўнена добрай французскай мовай. З гэтага вечара ў галовах некаторых удзельнiкаў сустрэчы абудзiўся iнтэрас да яго плантацый. Хутка ўвесь горад гаварыў толькi пра бавоўну i каўчук. Я сам, тады яшчэ зусiм юны медык, успамiнаю, насiў у кiшэнi маленькую галачку, што мне падарыў суданец, i падкiдаў яе ў кватэрах маiх клiентаў, як мячык, паўтараючы: "Вось яна - будучыня". Кажуць, што натарыус Пельто падрыхтаваў статут "Нармандскага таварыства бавоўна-каўчук" i, магчыма, пан Ахiл Кеснэ згадзiўся б узначалiць адмiнiстрацыйны савет. Але апошняя чутка не адпавядала сапраўднасцi, паколькi пан Ахiл не надта давяраў справе. I ўсё ж "Таварыства бавоўна-каўчук" было заснавана, i патрэбны капiтал сабраны на месцы.