Читать «Бiяграфiя (на белорусском языке)» онлайн - страница 5
Андрэ Моруа
Адчувалася, што пiша вельмi маладая жанчына. Многiя словы былi падкрэслены - адзнака палкасцi альбо нецярплiвасцi. Дзённiк пачынаўся з 1811 года, праз некалькi тыдняў пасля шлюбу.
25 кастрычнiка 1811. - Сёння адчуваю сябе стомленай, хворай i не магу сесцi на каня. Уiльям на паляваннi з сабакамi. Рабiць мне няма чаго, пачну пiсаць дзённiк. Гэты альбом мне прэзентаваў мой мiлы, мiлы тата, i я страшэнна шкадую, што разлучылася з iм. Баюся, што мой муж мяне нiколi не зразумее. Уiльям не злы чалавек, але ён не ведае, што жанчыне патрэбна пяшчота. Мабыць, ён не цiкавiцца мною. Ён больш гаворыць пра палiтыку, аб сваiх конях, аб сваiх арандатарах, чым аб сваёй жонцы. Як я помню, ён нi разу не вымавiў слова "кахаю" ад самага нашага вяселля. Ах! Праўда! На другi дзень ён сказаў Брыгiце: "Мая жонка закахалася ў мяне па вушы". Я i вокам не маргнула.
Эрвэ перагарнуў шмат старонак, поўных скаргаў i насмешак. Пандора была цяжарная i без радасцi чакала дзiцяцi. Гэта яшчэ больш звязвала яе з чалавекам, да якога яна не адчувала нiякай прыхiльнасцi. З яе наiўных заметак паступова вырысоўваўся брыдкi вобраз сэра Ўiльяма. Яго эгаiзм, фанабэрыя, пошласць былi занатаваны бязлiтаснай сведкай, у душы якой нарастаў да яго люты гнеў. Зусiм iначай, далiкатна i цёпла, апiсвала яна свайго суседа, лорда Пiтэрсана. У процiлегласць агiднаму сэру Ўiльяму той выглядаў на рэдкасць прывабна.
26 снежня 1811. - Учора, у першы дзень каляд, лорд Пiтэрсан прынёс мне ў падарунак цудоўнага шчанючочка. Як заўсёды, я сядзела адна, але прыняла лорда П., паколькi ён значна за мяне старэйшы. Ён мне расказваў пра лiтаратуру i мастацтва. Мне хацелася запiсаць яго блiскучыя думкi. Мне так прыемна было яго слухаць. У яго фенаменальная памяць. Ён чытаў мне вершы Вальтэра Скота i лорда Байрана. Якая асалода, век бы слухала! Адчуваю, што, каб я жыла з такiм чалавекам, як лорд Пiтэрсан, у мяне быў бы вялiкi прагрэс. Але ён у гадах, а я выйшла замуж да канца сваiх дзён. Наглытаешся смутку, бедная Пандора!
Працяг дзённiка сведчыў, што на яе зрабiла моцнае ўражанне паэма Байрана "Паломнiцтва Чайльд-Гарольда". У гэтым яна прызналася мужу, i той адказаў так: "Байран? Дык я ж яго добра ведаю. Я сустрэў яго тады, калi ён, як i я, вандраваў па свеце. Мы правялi разам вясёлыя ночы ў Iталii... Вярнуўшыся, ён запрашаў мяне да сябе ў Ньюстэдскае абацтва, дзе ён трымае трупу нiмфаў, пра якiх я мог бы расказаць шмат пiкантных анекдотаў, але гэта не для нявiнных вушэй маёй жоначкi... Ха-ха-ха!"
Потым у белым альбоме можна было прасачыць, з якiм спрытам i як настырна схiляла Пандора сэра Ўiльяма, каб той запрасiў Байрана ў Уайндхорст. Муж абараняўся: "А што мы будзем рабiць з iм? - гаварыў ён. - Нудзiцца пачне. Са мной на паляванне ён не пойдзе - нага кульгавая. Звяроў страляць не прывык". Жонка не здавалася: "Ну, тады я зраблю яму кампанiю". Сэр Уiльям абурыўся: "Вы, вы ў кампанii з гэтым бабнiкам, з гэтым донжуанам!.. Вы што, думаеце, я пакiну сваю жонку адну з Байранам?.. Не маю нiякага жадання пускаць гэтага шалапута, гэтага браканьера на сваю тэрыторыю".