Читать «Бiяграфiя (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Андрэ Моруа
- О, вы сама велiкадушнасць!.. Ёсць столькi фамiлiй, што гатовы абараняць дабрачыннасць сваiх продкаў, нягледзячы на яўныя факты, аж да трыццатага пакалення.
- Нонсэнс! Сэр Уiльям быў дубiна, ён не разумеў сваёй жонкi i, апроч таго, здраджваў ёй з усiмi навакольнымi дзяўчатамi. Ёй папаўся лорд Байран. Гэта быў не толькi вялiкi паэт, а мужчына прыгожы, як анёл, i разумны, як д'ябал. Не дзiва, што яна выбрала лепшага. Хто яе асудзiць?
Эрвэ адчуў, што спрачацца не варта. Аднак не мог стрымацца, каб не сказаць:
- Прабачце, лэдзi Спенсэр-Свiфт, вы ж не чыталi папер, то як жа вы ведаеце, што лорд Байран быў тут не як госць мужа, а выступаў у iншай ролi.
- Фамiльнае паданне, - прамовiла яна строга. - Мой муж чуў ад бацькi, а той ад свайго бацькi. Зрэшты, доказы знойдуцца, бо, паўтараю яшчэ раз, паперы будуць у вас. Зараз я iх вам пакажу, i вы мне скажаце, як вам лепш працаваць.
Яна паклiкала свайго магутнага дварэцкага:
- Мiлер, адамкнiце чырвоны склеп, прынясiце свечкi i дайце мне ключы ад сейфа. Я туды спушчуся з панам Марсена.
* * *
Тэатральнасць афармлення рабiла ўражанне. Склеп, якi знаходзiўся ў сутарэннi, абабiты чырвоным шоўкам, не меў электрычнага асвятлення, як iншыя пакоi замка. Ад свечак распаўзалiся ценi i дрыжалi ў кутках. Да бакавой сцяны быў прысунуты вялiзны сейф, стылiзаваны пад сярэдневяковы куфар. Насупраць красавалася шырокая канапа. Старая дама, велiчна спусцiўшыся ўнiз пад руку з французам, узяла ключы i, пакруцiўшы iмi ў трох адмысловых шчылiнах, набрала сакрэтную лiчбу. Пасля чаго Мiлер расчынiў насцеж цяжкiя акованыя жалезам дзверцы.
Блiснула сталовае серабро... Марсена заўважыў скураныя каробкi, i гаспадыня адразу ж дастала тоўсты альбом у белым саф'яне.
- Вось дзённiк Пандоры... А вось пiсьмы, перавязаныя ёю ўласнаручна ружовай стужкай.
Яна азiрнулася:
- Ну вось... Дзе ж вас пасадзiць? Вунь той дубовы стол вам будзе зручны... Ён прасторны... Падыходзiць? Добра... Мiлер, пастаўце два кандэлябры каля пана Марсена, справа i злева... Замкнiце сейф, i мы пакiнем маладога чалавека, няхай працуе.
- А цi магу я застацца тут на ўсю ноч? Часу мала, а хочацца прачытаць усё.
- Дарагi пан Марсена, нiколi не трэба спяшацца. Калi ёсць жаданне, зрабiць паспееце. Абед вам прынясуць сюды, i нiхто вашага спакою не парушыць. Заўтра ранiцай вам пададуць снеданне ў ваш пакой, потым яшчэ можаце працаваць. А першай гадзiне палуднаваць будзеце разам са мной... Вас задавальняе такi расклад?
- Цудоўна, лэдзi Спенсэр-Свiфт... I выказаць не магу, як я вам...
- I не выказвайце. Спакойнай ночы!
Эрвэ застаўся ў падвале адзiн. Выняў з партфеля аўтаручку, паперу, прымасцiўся каля вялiзнага стала i з асалодай разгарнуў белы альбом. Почырк быў дробны i невыразны, старая лэдзi сказала праўду. Вiдаць, Пандора знарок пiсала так, каб цяжка было прачытаць. Альбом мог трапiць у рукi яе мужа, i асцярожнасць тут была дарэчы. Марсена прывык разбiраць рукапiсы з пропускамi i скарачэннямi. Ён лёгка расшыфраваў радкi, накрэмзаныя Пандорай. Тон запiсак адразу ж яго развесялiў. Было ў iх тоне нешта дзiцячае.