Читать «Бiяграфiя (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Андрэ Моруа

Даўно мiнула поўнач. Усхваляваны Эрвэ прабягаў вачамi старонкi дзённiка. У змрочным склепе дагаралi свечкi, i пры цьмяным святле яму, як жывыя, ўяўлялiся постацi нябожчыкаў. Ён бачыў барвовае аблiчча гаспадара i чуў яго нахабны рогат. Ён бачыў, як на прыгожым твары Пандоры ўсё выразней адлюстроўвалася яе закаханасць. I ў цёмным кутку бачыў гордага Байрана, якi з насмешкай глядзеў на гэту дрэнна дапасаваную пару.

Запахла чадам, i адна свечка пагасла. Эрвэ запалiў новыя i з яшчэ большай энергiяй узяўся за чытанне. Цяпер ён прысутнiчаў пры спробах Пандоры вырваць Байрана з задуменнасцi i зблiзiцца з iм, прычым рабiлася гэта смела i занадта хiтра для такой маладзенькай жанчыны. Пакрыўджаная яго абыякавасцю, яна шукала розных подступаў. Каб сустракацца без сведак, яна дамовiлася гуляць з iм на бiльярдзе.

"У гэты вечар я яму сказала: "Лорд Байран, калi жанчына любiць мужчыну i гэты мужчына не звяртае на яе ўвагi, што ёй тады рабiць?" "А вось што..." адказаў ён i абняў мяне моцна-моцна i..." Адно слова там было закрэслена, але Эрвэ, за тонкiмi кратамi рысак, даволi лёгка мог прачытаць "пацалаваў".

Эрвэ Марсена свабодна ўздыхнуў. Ён проста не верыў свайму шчасцю. "Мне гэта снiцца цi што? - гаварыў ён сабе. - Здзейснiлася тое, аб чым я мог толькi марыць". Ён устаў i прайшоўся па склепе, абмацаў вялiзны сейф, канапу, сцены, каб упэўнiцца, што гэта рэальнасць, а не мiраж. Нiякага сумнення, усё вакол яго было матэрыяльнае i альбом сапраўдны. Ён iзноў сеў за стол.

"Я спужалася i сказала яму: "Лорд Б., я вас люблю, але ў мяне ёсць дзiця, i гэта звязвае мяне з яго бацькам. Я магу быць вам толькi сяброўкай. Але вы мне вельмi патрэбны. Памажыце мне". Ён быў на рэдкасць добры i здагадлiвы. З тае хвiлiны, як ён са мной, увесь яго смутак нiбы растаў. Думаю, што мая прысутнасць яго лечыць".

Малады француз не стрымаў усмешкi. Ён добра вывучыў Байрана i нiяк не мог уявiць, каб той расцягнуў надоўга платанiчныя залёты да гэтай юнай спакуснiцы. Ён быццам чуў яго голас: "Калi яна ўбiла сабе ў галаву, што я ёй кавалер i буду гадзiнамi трымаць яе за ручку, дэкламуючы вершы, яна, ох, як памыляецца! Дайшло да таго, што пара канчаць".

Потым ён падумаў, што, напэўна, знойдзе праўдзiвы дакумент аб душэўным стане Байрана сярод пiсем, якiя таксама даверыла яму лэдзi Спенсэр-Свiфт. Ён паспешна развязаў стужку. Так, пiсьмы Байрана. Эрвэ адразу пазнаў яго гарачую руку. Але ў пакеце былi i другiя паперы, напiсаныя тым жа почыркам, што i дзённiк. Некаторыя з iх ён прачытаў. Гэта былi чарнавiкi пiсем Пандоры.

Знаёмячыся з перапiскай, ён са здавальненнем пераканаўся, што здагадка яго апраўдалася. Байрану хутка надакучыла гульня ў платанiзм. Ён запытаў, цi можа ён сустрэцца з Пандорай уночы, калi ў замку ўсе спяць. Яна супрацiўлялася, але слаба. Эрвэ падумаў: "Калi тое, што напiсана ў чарнавiку, было яму паслана, Байран, напэўна, палiчыў перамогу блiзкай. Яна прастадушна прызналася: "Гэта немагчыма, бо я не ведаю, дзе вас убачыць, каб нас нiхто не заўважыў".