Читать «Волат на дарозе (на белорусском языке)» онлайн - страница 31

Василий Головачев

На нейкую долю секунды ён адчуў бег часу. Не, не бег - сцiснутую спружыну часу. Процьму сцiснутага да неверагодных межаў часу! Штосьцi адбывалася вакол, адбывалася на ўсёй планеце, пачуццяў чалавечых не хапала, каб заўважыць гэта, убачыць, зразумець. Але прарвалася iмгненне, нейкае "дзесятае" пачуццё, нават не iнтуiцыя - iмгненне, калi рытм чужога жыцця сам прабiўся ў мозг, прымушаючы яго напружвацца ў бясплённых спробах асэнсавання гэтага жыцця...

Грэхаў не паспеў нiчога зразумець, проста адчуў, быццам прорва адкрылася пад iм, захапiла дух, i тут жа ён апынуўся на цвёрдай зямлi, i няма прорвы, а сэрца яшчэ не паспела адрэагаваць, замерла, калi ўсё ўжо мiнула...

Ён нiкому пра гэта не сказаў. Нават Сташэўскаму. "Потым, - падумаў ён, на Станцыi. Калi можна будзе перавесцi гэта ў жарт".

6

А шаснаццатай гадзiне паводле ўнiверсальнага часу абяцаны Кротасам канал прамых безынерцыйных зносiн са Станцыяй не з'яўвiўся. Сувязi таксама не было, усе дыяпазоны, як i раней, былi скрозь забiты перашкодамi.

Увечары Сташэўскi загадаў пад'ехаць да карабля блiжэй i спынiцца паблiзу двайнога шэрагу часта натыканых "грыбоў". Нябачная адштурхоўваючая сцяна ўсё яшчэ была на месцы, рабiць не было чаго, заставалася толькi чакаць ночы, калi можна будзе наладзiць сувязь.

Барвовае свяцiла напалову ўлезла ў зыбкi гарызонт, залiваючы далiну, Горад, карабель, туманнае паветра струменямi пунсовых вясёлак. На свеце ненадоўга запанаваў рубiнавы колер, перакрэслены ценем карабля. Потым Цiна неяк адным рухам вухнула ўнiз, i настала вiшнёвая iмгла, якая хутка цямнела.

Грэхаў разгарнуў танк кармой да павiслага зоркалёта i цiхенька адпрацаваў заднiм ходам ушчыльную да празрыстай сiлавой сцяны, але перастараўся, i танк павярнуўся кругом i адступаў ужо ўгору па схiле варонкi.

- Не забаўляйся, - прабурчаў Сташэўскi, уключаючы прыёмнiк. Сувязь знайшлася амаль адразу, як толькi яны пераключылi антэну на гравiiндукцыйную рашотку.

- "Мастыф", чаму не адказваеце? "Мастыф", чаму не адказваеце? - загаварыў у кабiне Палiнiн голас, i ў аб'ёме перадачы з'явiўся яе мiлы зблажэлы твар. Убачыўшы iх, яна толькi ўздыхнула, знайшла вачыма Грэхава i, гледзячы на яго, сказала:

- Бачу вас, "Мастыф", чаму маўчыце?

- Усё нармальна, мышка, - сказаў Сташэўскi. - Давай нам начальства.

Палiна саступiла месца смугламу гарбаносаму чалавеку з блiзка пасаджанымi зырка-жоўтымi вачыма. Сташэўскi i Малчанаў з пашанай схiлiлi галовы, Грэхаў з пэўным спазненнем зрабiў тое ж.

Гэта быў Банглiн, старшыня Камiтэта Камунiкацый.

- Карабель усё яшчэ маўчыць? - спытаўся ён, хутка абмацаўшы iх сваiмi пранiзлiвымi вачыма.

- Маўчыць, - адказаў Сташэўскi, - прайсцi да яго не можам.

- Ведаю. Як паводзяць сябе "павуцiны"?

- Суправаджаюць кожны наш крок. Але ахоўнае поле дапамагае, хоць i не поўнасцю. "Цiкаўнiкi" больш небяспечныя.

- А "шэрыя прывiды"?

- "Прывiды" кантакту з намi не мелi, хоць я ў гэтым не ўпэўнены.