Читать «Волат на дарозе (на белорусском языке)» онлайн - страница 30

Василий Головачев

- Я чуў пра гэта, - задумлiва вымавiў Сташэўскi. - Але думаў, што гэта легенда.

- Не, - суха сказаў Малчанаў. - Я быў разам з iм...

- Дык як жа... - пачаў Грэхаў, злавiў рух Сташэўскага i змоўкнуў.

Малчанаў усмiхнуўся.

- Не свiдруйце яго позiркам, Святаслаў, цiкаўнасць яго законная. На мяне гравiстралок не напаў таму, што я ў той момант знаходзiўся ў кабiнеце нульхода.

Штосьцi ён не дагаворваў, Малчанаў. Грэхаў зразумеў гэта па яго секундным замяшаннi, але працягваць камунiкатар не стаў, а распытваць далей было няёмка.

Грэхаў паспрабаваў уявiць умяшанне "шэрага прывiду" пад час нападу гравiстралка (якая тады яго сапраўдная магутнасць?!), але настаў адзiн з перыядаў "сну на хаду", калi яму пачыналi трызнiцца дзiўныя змазаныя карцiны, хутчэй за ўсё ўплыў "павуцiны", яе выпраменьваннi на мозг, i пэўны час давялося правесцi ў змаганнi з забыццём. На кожнага з iх выпраменьванне вiдаць, дзейнiчала па-рознаму. "Добра было б параўнаць адчуваннi..." мiмалётам падумаў ён.

У зоне карабля спрацавалi нейкiя таямнiчыя механiзмы, па перыметры вакол яго вежы замiльгалi надзвычай зыркiя сiне-зялёныя факелы полымя, скрыўляючыя кожны раз контуры зоркалёта. Праз некалькi хвiлiн успышкi спынiлiся. Прыборы бясстрасна адзначылi з'яўленне i змяншэнне iанiзацыi, танец электрамагнiтных палёў.

Грэхаў звыкла адзначыў час i, разважаючы, цiха сказаў:

- Не магу зразумець адно - чаму на планету, жыццё якой не разгадана, прысутнасць розуму на якой яшчэ нiкiм не даказана, паслалi атрад камунiкатараў. З кiм яны збiралiся наладжваць кантакт? З "павуцiнамi"? З "цiкаўнiкамi"?

- З пластунамi, - прамармытаў Дыега Вiрт. - Або з "шэрымi прывiдамi". Цi не ўсё адно...

- Так, тут вы маеце рацыю, - уздыхнуў Малчанаў, i вузкi маршчынiсты твар яго спахмурнеў. - З пасылкай камунiкатараў паспяшалiся. Але ў дадзены момант гэта ўжо не вiна, а хутчэй наша бяда. На Станцыi ў той час было занадта шмат гарачых галоў...

- Гарачыя галовы... - па-старэчы прамармытаў Сташэўскi, гледзячы на роўную калону карабля. - Гарачыя галовы... Раней казалi: колькi галоў - гэтулькi розумаў, але першых заўсёды больш. Поўнае супадзенне з рэчаiснасцю...

У кабiне запанавала адносная цiшыня. Але хiба параўнаеш гэтую жывую пульсуючую цiшыню з невыказна халоднай i глыбокай цiшынёй цэлай планеты? Незвычайнай цiшынёй, цiшынёй, здавалася б, абсалютна мёртвага свету. Як зразумець яе, з чым параўнаць яе? Як звязаць яе з тым, што свет гэты не мёртвы, што ён жывы, i жывы актыўна? Спусцiўшыся са Станцыi, яны з волатаў, што аглядалi ўсю планету адзiным позiркам, ператварылiся ў мурашоў, якiя поўзаюць па велiзарным механiзме невядомага прызначэння, мурашоў, няздольных зразумець асобныя рухi шасцерняў, спружынаў i колаў i аб'яднаць iх у цэлым у паняцце механiзма. Як можна было гаварыць пра кантакт, не зразумеўшы, як i з кiм яго наладжваць?

- Парадокс, - услых сказаў Грэхаў. Нiхто яму не адказаў.

- "Павуцiны", - флегматычна заўважыў Дыега. - Нешта iх багата.

Грэхаў узняў галаву - "павуцiны" ўжо накрывалi танк слабым сеткаватым ценем - i адчуў балючы штуршок у галаву i перастаў бачыць святло.