Читать «Волат на дарозе (на белорусском языке)» онлайн - страница 33

Василий Головачев

Сташэўскi пераключыў дыяпазоны i свiснуў. Плач, дакладней, тоненькае тужлiвае завыванне панавала на ўсiх нясучых хвалях. Больш таго, плач чуўся з усiх бакоў, браць пеленг было бескарысна.

Яны так i не разабралiся, што гэта было - цi рэха перадачы са Станцыi, цi фокус нязвыклай перашкоды, цi нешта яшчэ... Буйная вiбрацыя скаланула раптам Горад. Аднекуль знiзу, з таямнiчых яго глыбiняў, пачулася нiзкае магутнае гудзенне. Адразу ў некалькiх месцах загучалi мулкiя моцныя ўдары - выбухалi "павуцiны". Грэхаў зiрнуў на пульт i жахнуўся. У прасторы адбываўся канец свету! Прыборы паказвалi вар'яцкi танец сiлавых палёў, неверагодную шчыльнасць выпраменьвання! Цiск за бортам то падаў да нуля, то ўзнiмаўся да велiчынi ўнутрызоркавага! Тэмпература мянялася штосекундна!..

Але на ўсё гэта яму было напляваць, галоўнае было тое, што ў цэнтры пульта глядзела на яго злавеснае рубiнавае вока: ахова рэактара давала збоi, поле не трымала, пульсавала, нешта яно расчапляла, i разгублены аўтамат хутка-хутка пераключаў генератары з асноўнага на дублiруючы.

Сташэўскi ацанiў небяспеку хутчэй за Грэхава.

- З танка, мiгам! - гаркнуў ён i адным рухам адкiнуў Малчанава да люка.

- Навошта?! - незвычайна здзiвiўся той.

Грэхаў прытармазiў. Дыега Вiрт моўчкi падштурхнуў ахопленага разгубленасцю камунiкатара да выхаду i махнуў на развiтанне рукой.

"Дружа, прыйшла твая чарга дзейнiчаць самастойна..." - мiльганула ў Грэхава iмгненная думка.

Танк iзноў iмчаўся над струменiстай чарнечай "вулiцы", пад iм грукацела i гуло, i наперадзе паказалiся ўжо рэдкiя клубы шэрага дыму: дзесьцi дагараў пасля падзення iглакол. Дзве блiскучыя фiгуры змяншалiся ў памерах i неўзабаве знiклi за паваротам.

Сташэўскi спрабаваў нешта зрабiць з наладкай аховы, але рубiнавае вока палала нястрымна, да выбуху заставалiся, магчыма, нейкiя iмгненнi, i Грэхаў усё павялiчваў хуткасць, быццам спрабуючы ўцячы ад самога сябе, ад сваiх думак i страху.

На адной з "вулiц", што перасякалi дарогу, дагаралi рэшткi разбiтага дэсантнага шлюпа, яны праскочылi паўз яго, але Сташэўскi крыкнуў: "Стой!" - i Грэхаў спынiў танк.

- Бяжы!

- Не!

- Ды бяжы!..

Сташэўскi раптам схапiў Грэхава за плячо, i ўсе яго сто з лiшкам кiлаграмаў вылецелi з крэсла.

- Я прашу цябе, Габрыэль, - амаль бязгучна сказаў ён.

Нiколi Грэхаву не забыцца на яго твар, калi ён гаварыў сваё: "Я прашу цябе, Габрыэль..."

Унутры яго быццам нешта зламалася. Ён не памятаў, як выбiраўся з кабiны, а калi азiрнуўся, танк быў ужо далёка. Нарэшце схаваўся за паваротам, а Грэхаў усё пазiраў яму ўслед праз слёзы, што набягалi на вочы, быццам ад злога ветру. Дзiўна, што "павуцiны" не звярнулi ўвагi на такую зручную для iх цэль: ас забыўся ўключыць генератар ахоўнага поля, горб якога адчувальным цяжарам цiснуў на спiну. Ён толькi глядзеў i лiчыў услых секунды. А потым асляпляльнае святло ўспыхнула над Горадам, выпалiла ўсе ценi да смяртэльна зыркай белiзны i апалiла твар гарачым дыханнем.