Читать «Волат на дарозе (на белорусском языке)» онлайн - страница 26

Василий Головачев

Вiдэом ачысцiўся i са словамi "канец перадачы" скруцiўся ў белую аблачынку i пагаснуў.

- А цяпер спаць! - коратка загадаў Сташэўскi, выключыў апаратуру i цяжка паглядзеў на кожнага. - Дзяжурыць будзем па чарзе. Першы я, потым вы, Эвальд, потым Дыега...

Танк адвялi ад карабля i ад Горада з такiм разлiкам, каб быў бачны i той i другi, уключылi максiмальную абарону i ўпершыню за двое сутак пайшлi ў адсек адпачынку, да ўтульных аэраложкаў. Сташэўскi застаўся ў кабiне рыхтаваць матэрыялы i апаратуру да прыёму аўтаматычнага зонда.

Ноч прайшла спакойна. Малчанаў пабудзiў iх ужо ўраннi, каля васьмi гадзiн, калi цьмяная Цiна даўно ўварвалася ў мутную атмасферу планеты над iмi i аперазалася жамчужнымi галасамi. Вось як, час свайго дзяжурства Грэхаў бессаромна праспаў! Але i Дыега добры, не пабудзiў. Вельмi высакародна з яго боку...

Сташэўскi хутка сабраўся i выйшаў, а з кабiны прыйшоў Дыега i, не заўважаючы незадавальнення Грэхава, запрасiў яго на размiнку. Хвiлiн дваццаць яны практыкавалiся ў дапрацоўцы некаторых каскадаў прыёмаў дзю-до. У вынiку iх практыкаванняў была перабiта адна з кансолей падвескi адсека i ўвагнуты дзверцы шафы. Дыега, кiваючы ў бакi паголеным чэрапам, паказаў на ўвагнутасць:

- Гэта твая галава...

- А гэта твой нос, - знайшоўся Грэхаў, паказваючы на кансоль.

- Та-ак, не шанцуе...

- Яшчэ так пашанцуе, што не заскачам, а заплачам! Яны трохi пасмяялiся, потым успомнiлi, дзе знаходзяцца, i паспяшалiся ў душ.

Пасля снедання Сташэўскi расказаў, як ён уначы прыняў ракету-зонд па пеленгу i накiраваў матэрыялы на Станцыю. "Павуцiны" не перашкаджалi, хоць некалькi цiкаўных экземпляраў наблiжалася на небяспечную адлегласць. I камандзiр раптам прызнаўся, што пад час з'яўлення "павуцiн" ён кожны раз чуе неразборлiвую чалавечую гаворку.

- Што б гэта азначала?

- I я чую, - вырвалася ў Грэхава.

- Нiчога асаблiвага, - раўнадушна вымавiў Малчанаў. - Мы завём гэта "псiхалагiраваным уплывам". Вiноўнiк яго, несумненна, невядомае выпраменьванне. - Вось так, - сказаў Сташэўскi з пэўнай палёгкай. - Што ж, бадай...

- Я думаў, вы ведаеце. Але вось тое, што зонд вы сустракаеце адзiн...

- Нiчога, - усмiхнуўся аднымi губамi Святаслаў. - Я сябе на гэты выпадак засцярог ад небяспекi.

- Зонд не зносiла? - пацiкавiўся Дыега Вiрт.

- Зносiла, але ён запеленгаваў маяк танка i выйшаў па гiпербале амаль над машынай. "Павуцiны" спрабавалi ў гэты момант падысцi блiжэй, я iх адагнаў.

Памаўчалi трохi, нанова прывыкаючы да панурага пейзажу з дымнай падушкай, скрозь якую тырчаў шэры палец зямнога зоркалёта. Тут усё было па-ранейшаму. Стаяла над караблём лесвiчка з дзесятка калыхлiвых "павуцiн", яшчэ каля дзесятка iх сплялi ўвагнутую крацiстую сцяну памiж Горадам i караблём. Астатнiя вiселi або плавалi без справы на невялiкай вышынi, быццам назiральнiкi. Зрэшты, адна дэталь мясцовасцi змянiлася: павялiчылася колькасць грыбападобных чорных нарасцей, што ланцужком атачалi карабель. Вiдавочна, не на дабро.