Читать «Волат на дарозе (на белорусском языке)» онлайн - страница 27
Василий Головачев
- Дык вось, - пстрыкнуў пальцамi Сташэўскi, - паедзем вакол Горада. Не вельмi хутка, пад сорак...
Грэхаў кiўнуў. На раўнiннай мясцовасцi "Мастыф" мог бегаць у пяць-шэсць разоў хутчэй, але трэба было глядзець па баках, а iх было ўсяго чацвёра, мiнус сам Грэхаў як вадзiцель.
Малчанаў сеў справа ад яго i адчынiў футарал дзiўнага павукападобнага апарата з яшчэ больш дзiўнай i доўгай назвай: каардынатар лiнiй чакання раптоўна ўзнiкаючай iнфармацыi. Уяўляў ён сабой цуд нейрысторнай тэхнiкi са спецыяльнага рыштунку камунiкатараў, i ўсё, што Грэхаў ведаў пра яго, дык тое, быццам ён штосьцi прагназiруе.
"Сумняваюся, каб дапамог нам хоць чым-кольвек", - падумаў ён з усмешкай.
- Цiкава, - прамармытаў Дыега, вiдаць, больш знаёмы з апаратурай, i ўладкаваўся за спiнай камунiкатара.
Каб не адцягваць увагу, Грэхаў уключыў вонкавыя акустычныя прыёмнiкi, i кабiну запоўнiлi гукi руху: рокат матораў, хруст гусенiц, шолах i шалест пароды пад гусенiцамi. Разам з гэтымi гукамi часам даносiлiся ўсклiкi Дыега i невыразнае мармытанне Малчанава. Сташэўскi ўсю ўвагу звярнуў на дзейнасць "павуцiн", рука яго выстуквала на падлакотнiку крэсла кадзiраваную адзнаку сiгналу.
Да абеду яны аб'ехалi Горад двойчы па спiралi, якая разгортвалася, не звяртаючы ўвагi на дужа настырнага "цiкаўнiка", што рухаўся ўслед за iмi. Грэхава не пакiдала адчуванне пабочнага позiрку, i яму з цяжкасцю ўдавалася выдаваць сябе спакойным.
Паабедалi ў пахмурным маўчаннi. Нават Дыега Вiрт, якi звычайна скула разлiчваў свае рухi, насуплiваўся i паглядваў на гадзiннiк. Прыгнечаны стан групы трымаўся да вечара. Аж перад самым заходам Грэхаў раптам заўважыў далёка ўбаку незразумелы аб'ект. Бачны ён быў цьмяна, оптыка дапамагала мала, давялося павярнуць з арбiты руху на поўдзень. I тут Грэхаў заўважыў, што рухаюцца яны неяк дзiўна: ён кiраваўся дакладна на аб'ект, падобны здалёку на чорную коску, аб'ект жа раптам апынуўся трохi злева; Грэхаў павярнуў крыху ўлева, але праз некалькi секунд "коска" зноў апынулася злева, хоць ён не дакранаўся да кiравання. Ён павялiчыў хуткасць, зноў трохi павярнуў улева "коска" проста на вачах зрушылася ўлева, i на гэты раз значна хутчэй. Стваралася ўражанне, што каменны шчыт пад танкам паварочваецца вакол восi i чым хутчэй яны едуць, тым хутчэй ён паварочваецца.
Грэхаў спынiў танк. Нiчога, усё стаiць на месцах. Як толькi паехалi ланцуг скалаў на краi адкрытай прасторы закруцiўся ўлева.
- У чым справа? - пацiкавiўся Сташэўскi. Грэхаў прадэманстраваў яму дзiўную з'яву i паспрабаваў з ходу мiнуць плошчу, на якой яны завязлi. Але за некалькi секунд танк разгарнула на сто восемдзесят градусаў, i ён iмчаўся да цэнтра плошчы! I зноў... i зноў... Чым блiжэй да краю, тым хутчэй iх зносiла i паварочвала да цэнтра пусткi. Урэшце Грэхаў выдыхнуўся i спынiў танк.
Маўчанне ў кабiне было красамоўнае. Яны апынулiся ўнутры зачараванага кратэра, сцены якога на тры чвэрцi складалiся з фiялетавых скал, а замыкалiся чорнай сцяной Горада i вежай карабля.