Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 99
Іван Чыгрынаў
— А ты і паслухаўся?
Сама па сабе гаворка пра ордэн у такім плане для Зазыбы не была надта нечаканай. Ён разумеў, што некалі — рана ці позна — яна павінна адбыцца.
Ордэн свой Зазыба схаваў яшчэ на тым тыдні ў маленькай кадушцы пад шулам, каля варот, і нават Марфе не сказаў пра гэта.
— Дак няма ў мяне ордэна ўжо! — зрабіў галузаваты твар Зазыба.
Драніца здзіўлена падняў галаву.
— Няма! — як у радасці кіўнуў Зазыба.
Драніца тупа глядзеў на Зазыбу.
— Здаў я свой ордэн у ваенкамат, Мікіта, — здзекліва растлумачыў Зазыба і паказаў абедзве рукі далонямі ўгару — маўляў, паглядзі — пуста. — Браў жа з сабой, калі ганяў калгасных кароў. Таксама насіў на грудзях. Як ні кажы, а з ордэнам чалавеку давер большы. А ў Хатынічах, як дазналіся, што я вяртаюся ў Верамейкі, пазвалі ў ваенкамат. Самога во адпусцілі, а ордэн, сказалі, каб здаў. Ну я і здаў. Так што позна твой Брава-Жыватоўскі спахапіўся. Каб былі тута Мікола Рацэеў ці Іван Хахол, дак і яны б не сталі хлусіць, сказалі б табе, што здаў я ордэн у Хатынічах. Вядома, цалей будзе.
Зазыба гаварыў з падробленым шкадаваннем у голасе, а па Мікітавым твары тым часам блукала паблажлівая ўсмешка — маўляў, ты, канечне, гавары сабе, а мы таксама не на адным гаросе раслі. Але вось Мікіта ўскочыў з услона, прабегся па хаце.
— Ты ета, Яўменавіч, як тэй таго, добра прыдумаў, — па-змоўшчыцку заўсміхаўся ён, — што здаў тама вордзен свой. — Мікіта ўжо разумеў, што Зазыбаў адказ ратаваў іх абодвух. — І сам цяпера, як тэй таго, непрыемнасці мець не будзеш, і мяне ад граху выслабаніў, — ён спыніўся насупраць Зазыбы, які стаяў, прыхінуўшыся да сцяны, і плаксівым голасам пачаў даводзіць: — Ты думаеш, я вельмі хацеў ісці з етым да цябе? Да яшчэ страшыць? Ета ўсё Брава-Жыватоўскі, як тэй таго! Ён і цяпера, можа, слухае, як мы тута...
— Няхай слухае, — усім голасам сказаў Зазыба.
Мікіта кінуў позірк на акно.
— Дак я перадам, як тэй таго, — таксама гучна сказаў Драніца, — што ты здаў вордзен!
— Так і перадай.
Бадай, гаворка паміж імі на гэтым магла скончыцца.
Мікітава шапка ляжала на ўслоне. Але ён не спяшаўся браць яе — адчуванне вінаватасці перад Зазыбам чамусьці затрымлівала яго ў хаце.
Як па-вясковаму, то Зазыбу варта было б усё ж патурыць Драніцу з хаты, аднак ён не рабіў гэтага, з аднаго боку, перасцярогу меў, каб не паставіць супраць сябе недарэку, які мог таксама балюча кусацца, а з другога, дык проста не хацелася заставацца аднаму на ўвесь вечар, бо Марфа яшчэ недзе гуляла на бабінах у Сахвеі Меляшонкавай. Да таго ж асабліва прыкрасці ці якой брыдкасці Зазыба не адчуваў да Мікіты, можа, таму, што ведаў наперад, на што здатны гэты чалавек: так вось амаль усе ў Верамейках паводзілі сябе ў адносінах з ім.
— Не спяшайся, — сказаў Зазыба Мікіту, калі той нарэшце сам адолеў сарамлівую нерашучасць і гатовы быў выскачыць за парог. — Яшчэ ж не так позна. Нават бабы маёй няма.
— А што мне ў цябе рабіць? — зноў пачаў рабіць важны выгляд Мікіта. — Я сваю справу зрабіў, як тэй таго, цяпера магу ісці.
— Да пачакай, пагаворым. Цяпера ж у вас з Брава-Жыватоўскім усе навіны.