Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 101
Іван Чыгрынаў
— А больш, мусіць, табе, — з’едліва сказаў Зазыба. — Я ж здагадваюся, гэта ж ты пабег тады ў Крутагор’е да выпрасіў у кагосьці тама свае паперы. Але не думаю, каб табе сам Шчамялёў іх аддаваў. Можа, стораж які ці недарэка. Бо ты, няйначай, паабяцаў сам іх недзе спаліць. Да не спаліў, а закапаў. Так што табе і пападзе! — Ён падміргнуў Драніцу: — Дак, думаеш, Шчамялёў яшчэ вернецца?
Тады Драніца перасмыкнуў левай шчакой, падаўся да парога.
— Яшчэ ж усё можа быць, як тэй таго, — кінуў ён глуха адтуль.
— Во, во, — падхапіў Зазыба, — а ты ўжо новую дружбу займеў!
— Ты мяне не вучы, — зноў ачомаўся Драніца. — Лепей пра сябе думай, як тэй таго.— Ён павярнуўся, спытаў: — Дак што перадаць Брава-Жыватоўскаму пра твой вордзен?
— Тое і перадай, што пачуў.
— Значыць, ты здаў вордзен? — нібыта для сябе ўдакладніў Драніца.
— Здаў, — з прытворнаю абыякавасцю адказаў Зазыба.
— Дзе ета?
— У Хатынічах.
— Дзе ета Хатынічы?
— За Карачовам.
— Значыць, за Карачовам? Як ганяў туды кароў, як тэй таго? Далёка ета?
— Вёрст дзвесце будзе.
— Ага-а-а...
Драніца памуляўся яшчэ ў парозе, быццам прыгадваў, як гаспадар перад вялікай дарогай, ці ўсё неабходнае ўзяў, пасля нечага махнуў рукой і, не развітваючыся з Зазыбам, падаўся з хаты.
Зазыба паслухаў, пакуль заціхлі пад вокнамі Мікітавы крокі, а тады тупнуў нагой і нібыта ўпершыню абурыўся:
— Цьфу, паганцы, ордэна ім захацелася!
Раптам з нейкім зусім новым і пякучым пачуццём пачало прыгадвацца тое, што, здавалася, станавілася ўжо гісторыяй і для яго.
Ордэн Чырвонага Сцяга Дзяніс Зазыба атрымаў з рук Сямёна Міхайлавіча Будзённага ў студзені месяцы 1921 года. Тады будзёнаўская конніца апынулася паблізу той мясцовасці, дзе гаспадарылі ўжо нейкі час махноўцы.
Але спярша Зазыба ўсё ж паваяваў у дывізіі Шчорса, дакладней — у брыгадзе бацькі Бажэнкі. Быў ён нават у ліку тых нямногіх, хто суправаджаў па чыгунцы атручанага, але яшчэ пакуль жывога легендарнага камбрыга.
За трохвосным салон-вагонам тады рухаліся дзве цяплушкі з паўротай узброеных кулямётамі тарашчанцаў. То былі пераважна ветэраны брыгады. Разам з ветэранамі нёс і Зазыба апошні каравул на пляцоўках вагона, у якім везлі Бажэнку.
На станцыі Бярдзічаў атрымалі тэлеграму: «Кіеву пагражае небяспека наступлення Дзянікіна Кропка Вязіце Бажэнку Жытомір да мяне Кропка Шчорс».
Калі ў Жытоміры да Бажэнкі прыйшоў Шчорс, той адно сказаў:
— Мікола, мне дрэнна. Атруціла мяне контррэвалюцыя. — I панікнуў на плячо маладога начдзіва.
Ужо ўсе ведалі, што Бажэнку не багата заставалася жыць — дактары, якія сабраліся на кансіліум, вынеслі свой прысуд: «Цяжкі выпадак атручання, становішча безнадзейнае, дапамога спазнілася, да таго ж — хвораму пяцьдзесят шэсць гадоў».
Зазыбу прыйшло ў галаву, што тады Бажэнку было амаль столькі, колькі яму цяпер...
Цела памёршага Бажэнкі везлі па зялёным жытомірскім бульвары на артылерыйскім лафеце. Тым часам за горадам чуўся гул кананады.
Пасля расказвалі, што пятлюраўцы, якія ўварваліся ў Жытомір на другі дзень, зрабілі вялікі здзек з магілы адданага бальшавіка і славутага камандзіра...