Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 100

Іван Чыгрынаў

— Чаму раптам у нас?

— Дак...

— Я па сабе, а Брава-Жыватоўскі па сабе. Я ж не паліцэйскі.

— Я і не сказаў, што ты паліцэйскі.

Зазыба яўна хацеў улашчыць Драніцу, але таксама давесці сваё.

— Вы ж цяпера з ім, як сябры-таварышы. Кажуць, нават разам хадзілі ў той дзень у мястэчка.

— Калі ета?

— Ну, як Брава-Жыватоўскі станавіўся паліцэйскім, — падказаў Зазыба.

— А-а-а, хадзілі, як тэй таго, тады хадзілі.

— Дак ты б расказаў, як яно было тама?

— Што мне расказваць. Я ж не сам хадзіў, як тэй таго. Ета ж мяне знарок браў туды Жыватоўшчык. Мовы іхняе не ведае, дак мяне, як тэй таго, браў.

— А-а-а, вон яно што-о-о, — усміхнуўся Зазыба. — Да ты сядай зноў, чаго стаяць?

— Мне трэба, як тэй таго, ужо ісці.

— Паспееш яшчэ. Нікуды не дзенецца твой Брава-Жыватоўскі... Нават калі пад акном стаіць.

— А чаму ета мой?

— Нешта ты адхрышчваешся сянні ад яго, бытта баішся чаго?

— Чаму ета баюся?

— Але самому, бачу, нічога ў мястэчку не перапала?

— Дак цяпера ж, як тэй таго, сяльпоўскія крамы не гандлююць.

— А нашы мужыкі спадзяваліся, што асэсарам вернешся з Бабінавіч.

— Навошта мне асэсар ваш, — як пра нешта самае звыклае, сказаў Драніца і паціснуў плячамі. — Кажу, як тэй таго, браў мяне Жыватоўшчык, каб памог яму гаварыць з немцамі!

Зазыба ўсміхнуўся.

— Але ж Брава-Жыватоўскі от...

— Я за яго не адказчык, як тэй таго. Мне самому трэба жыць, — нарэшце нібыта абурыўся Драніца.

Тады Зазыба зарагатаў.

— Але ж разумееш таксама!..

— Дак тута няма чаго, як тэй таго, разумець, — пахваліўся Драніца.

— Гэта добра, што так думаеш, — гулліва падміргнуў Зазыба: ён увесь час адчуваў сваю вышэйшасць над Мікітам. — А торбу дак не хапіла галавы прыхаваць добра!

— Якую торбу? — глянуў Мікіта пасалавелымі вачамі.

— А то сам не ведаеш?

Драніца пачаў хутка варочаць вачамі.

— Якую торбу? — ужо неяк па-сабачаму вякнуў ён.

— Падумай, дак успомніш.

— А-а-а, вон пра што ты, як тэй таго! — нарэшце прытворна сказаў Драніца. — Дак то...

— Да ўжо ж...

Сёння, бадай, і не варта было гаварыць, як хлапчукі адшукалі на Драніцавым гародзе торбу з паперамі, хапіла б аднаго, што Мікіта нібыта паверыў Зазыбавай выдумцы пра здадзены ордэн, але... чорт, як кажуць, цягнуў за язык.

— Я не вінавачу цябе, — гаварыў Зазыба, — што ты прымушаў хлапца пісаць пад дыктоўку пісьмы на нас, гэта на тваім сумленні, хоць, канешне, ніхто не спадзяваўся, але дзе твая галава была, калі ты хаваў тую торбу сярод белага дня?

Драніца па-ранейшаму плюскаў вачамі, але ўжо, напэўна, лавіў момант, каб неяк перапыніць Зазыбу.

Зазыба нарэшце ўзбурыўся:

— Дак яе ўвосень маглі нават свінні твае выкапаць лычамі.

— Я толькі даведаюся! — крычаў Драніца: па-першае, ён сапраўды вельмі абураны быў тым, што нехта выкапаў торбу з тымі паперамі, а па-другое, крыкам хацеў забараніць Зазыбу сарамаціць яго. — Дзе яна?

Зазыба здзівіўся, што Драніца ажно люты бывае ў злосці. Сказаў:

— У возеры мальцы затапілі.

Драніца недаверліва глянуў на Зазыбу, нагнуўшы галаву, падумаў.

— Не дай бог, як тэй таго, вернецца Шчамялёў, — закапыліў губу ён. — Пападзе вам тады.