Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 10

Іван Чыгрынаў

«Маніць! — са злосцю і душэўным болем падумаў Зазыба пра вайскоўца. — Нідзе ён Масея не бачыў!..» І пакуль вёў з Кулігаеўкі Марылю, усё не мог суняць хвалявання.

Ахалодаў ён ужо ў Верамейках — крыўда прайшла, і цяпер Зазыба ўспамінаў пра тую размову ў Сідаравай хаце, як пра нешта вартае спагады: да чаго можа давесці чалавека пачуццё перасцярогі, выкліканае не столькі бояззю за даручаную справу, колькі недаверлівасцю. Тым не менш на душы ў Зазыбы было прыкра, хоць ён і добра ведаў, што розуму ў чужую галаву лапатай не накладзеш. Адзін момант ён нават хацеў расказаць пра сваю гаворку з вайскоўцам Марфе, але стрымаўся, пашкадаваў турбаваць яе, бо ведаў, як тая можа ўпасці ў роспач. Марфа таксама цяпер не спала, яна ляжала на тапчане, што быў паміж сцяной і печчу, накрыўшы ногі дзяругай. Было чуваць, як яна варушылася часам і ўздыхала, але зусім ціха, нібыта баялася патрывожыць нечы спакой.

Марыля начавала на другой палавіне хаты, за філёнкавымі дзвярамі.

Не спадзяваўся Зазыба, але раптам адолеў і яго сон — згубілася недзе, як у бары рэха, неспакойная думка, і вочы, што стаялі слупом, перасталі гарэць сухім агнём. Здаецца, даўно ўжо прыходзілі да яго сны, можа, нават таму, што на старасць падалося, аднак сёння раптам пачало вяртацца якраз тое, што, бадай, і не ўспаміналася ўжо... Ён бачыў, як ехалі з бацькам па дубовыя штандары ў раскосы, вярсты за чатыры ад вёскі: тады задумалі яны перасыпаць сваю хату. Дрэва — дуб — для штандараў бацька нагледзеў загадзя, нават згаварыўся з лесніком, і яны неўзабаве пачалі пілаваць яго без асаблівай перасцярогі. Тырса, што сыпалася з дубовай прарэзіны, была цёплая і мяккая, і Дзяніс, тады яшчэ падлетак, зграбаў яе са свайго лапця і, пакуль бацька падбіваў абухом клін, каб не заціснула пілу, прасейваў паміж пальцаў, паглядаючы ўгору — калі будзе падаць дрэва? Але тое стаяла сабе і нават не трымцела. Піла тым часам не шкадавала яго, усё глыбей уразалася ў моцную, як косць, балоніну. Дуб пражыў у лесе гадоў трыста, не меней. Пра гэта сказаў Дзянісу бацька. І яшчэ бацька папярэдзіў: «Баронь бог, не адбягай нікуды, як затрашчыць. Стой на месцы». Але Дзяніс, калі пахілілася дрэва, забыўся на бацькаву параду. Пабег якраз у той бок, куды мелася бабахнуцца дрэва. Уратавала хлопца, што дрэва расло вілаватае: калі яно гахнулася на зямлю, Дзяніс апынуўся паміж сукоў. Вядома, страху ды болек набраўся. Але больш дасталося бацьку — той, як прыехалі з раскосаў, праляжаў ажно некалькі тыдняў у хваробе, бо не вытрымалі нервы. І вось цяпер Зазыбу нечага прысніўся той страшны выпадак, і ён зноў спалохана бег па раскосах, чуючы над сабой трэск дрэва. Аднак гэты раз беглася чамусьці не так прытка, і наогул усё рабілася быццам назнарок: Дзяніс, ужо дарослы, як на сённяшні дзень, адно коўзаўся па мокрай траве, а дрэва ўсё нахілялася над ім, пагражала раструшчыць...

Пабудзіла Зазыбу Марфа.

— Немцы! — трывожна шапнула яна.

Зазыба кінуў з услона ногі, прахапіўся, як і не спаў.

— Дзе?

— Паслухай...

Каб не выдаць сябе, Зазыба асцярожна штурхнуў акно. Адна аканіца падалася на вуліцу, у твар дыхнула сцюдзёнасцю і пахамі позняга лета, але вуха нічога не лавіла.