Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 84
Іван Чыгрынаў
Аднаасобнік тым часам дрыжачымі рукамі ўжо брытаў каня, за якім давялося-такі пабегаць гэтай ноччу. А Чубар, бачачы, што канчаткова настала палёгка, кінуў з незалежным выглядам адурэламу ад шчасця чалавеку:
— Таксама мне гаспадар! Кінуў дзе папала каня, а тады соплі пускае!
— А помніш, што я табе ўчора казаў пра гэтага каня? — усмешліва паглядзеў на Чубара Ягор Пішчыкаў.
Чубар перасмыкнуў шчакой.
— Немцаў няма ў вёсцы? — спытаў ён, даючы зразумець, што яго цікавіць зараз зусім іншае.
— А то каб былі, дык вы б з-за каня з аднаасобнікам петушыліся б так! — засмяяўся Ягор Пішчыкаў і азірнуўся на вяскоўцаў: маўляў, дзівак прыехаў.
Чубар таксама пачаў усміхацца, але ягоная ўсмешка была як вымушаная, таму ажно дурнаватая.
— Я гляджу, ты сёння нават з вінтоўкай! — задраў галаву Ягор Пішчыкаў у здзеклівым захапленні. — А ўчора ж, здаецца, не было?
— Гэта ты не заўважыў яе тады, — пажартаваў, як дзеля адчэпкі, Чубар.
— А я ўсё пытаўся ў сваіх — ці праязджаў праз вёску верхам на кані чалавек? Такі і такі, маўляў. А яны вось кажуць — не бачылі, не ехаў.
— Ці знайшоў жа сваю цялушку?
Ягор дужа пільна, нібыта працінаючы наскрозь, паглядзеў на Чубара.
— Цяпер я здагадваюся, — сказаў ён адчужаным голасам праз нейкі момант. — Ты, відаць, заначаваў недзе з тымі? Помніш, я казаў? Тады прызнайся — яны маю цёлку з’елі?
Чубар крутануў галавой.
— То былі сапраўдныя чырвонаармейцы!
— А быццам сапраўдныя не хочуць і не могуць смачна паесці?
— Не кажы глупства, — ужо са злосцю паглядзеў на Ягора Чубар, якому вельмі не хацелася, каб узводзілася дарэмшчына на групу палкавога камісара. — Чырвонаармейцы красці не стануць. Я паказаць магу іхнія буданы. Галаву аддаю — ні аднаго масла не знойдзеш!
— Маслы і закапаць можна! — не адпускаўся Ягор.
— Ну, не ведаю, — не знаходзячы больш важкіх аргументаў, сказаў Чубар. — Але чырвонаармейцы тыя як прыйшлі сюды аднекуль амаль галодныя, так і пайшлі далей без сняданку.
— Дык і ў нас, у Шыраеўцы, яны былі ўчора, — падказаў нехта з дзядзькоў. — Прасілі харчоў. На свае вочы бачыў, давалі бабы.
Тады заступіўся за чырвонаармейцаў самы старэйшы сярод шыраеўскіх мужыкоў — з выгляду нехлямяжы, аднак надзвычай жвавы дзядок.
— Ты, Пішчык, сапраўды, можа, дарэмна гэта, — пачаў ушчуваць ён Ягора, — можа, і праўда тыя не чапалі цёлкі твае. Я сам бачыў іхняга начальніка. Са звяздой такі, на рукаве звязда. Дык наўрад ці дазволіць ён займацца свавольствам. Хоць і нямоглы, на насілках, а не дазволіць. Не можа быць, каб такі вялікі начальнік ды дазвол даў.
— Быццам мне не ўсё роўна — тыя ці другія! Галоўнае, каровы, лічы, няма на двары!
— Ну, на карову яна не скора падобная стала б, — спакойна запярэчыў дзядок.
— Можа, яшчэ знойдзецца твая цёлка, — паспачувалі Ягору ледзь не хорам астатнія дзядзькі.
— Ат, — махнуў рукой Ягор: яму ад крыўды ўжо не хацелася глядзець не толькі на Чубара, але і на сваіх.
Наставаў момант, калі гаворка магла абярнуцца непажаданым бокам, таму Чубар спытаў, ні да кога пэўна не звяртаючыся:
— Значыць, немцаў у вас няма?