Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 83
Іван Чыгрынаў
— Аддай, — прахрыпеў ён, як захлынаючыся ўвесь.
Твар у селяніна, можа, з унутранай натугі, быў чырвона-сіні.
Асабліва кінулася Чубару ў вочы тое, як апрануты быў чалавек. Нават для сялянскага выгляду адзенне яго было не зусім звычайнае: на кудлатай галаве сядзела пацёртая салдацкая шапка, а на нагах былі пяньковыя лапці, уззутыя на лямцаваныя халявы — штосьці накшталт самаробных, хоць і не па сезоне ботаў; і наогул, акрамя салдацкай шапкі, астатняе ўсё таксама было на ім самаробнае — напрыклад, кароткая суконная куртка, пафарбаваная ў чорны колер, які паспеў парадчэць, таксама штаны-галіфэ... Сухімі, зачэпістымі вачамі селянін ажно працінаў Чубара. На ўсёй натапыранай постаці яго з’явілася ледзь не вепруковая рашучасць. Здавалася, вось-вось нападзе ён на самога седака. Але, мусіць, узброены выгляд таго стрымліваў чалавека, і ён адно казаў, напінаючы на шыі тоўстыя жылы:
— Аддай!
Тым не менш Чубар на ўсякі выпадак пакратаў вінтоўкай і наважыў правую нагу, каб пры неабходнасці адпіхнуць чалавека ад каня. Але недзе ён ужо здагадваўся, чаму той кляшчом учапіўся за грыву — няйначай, гэта быў сапраўдны гаспадар каня. Каб выйшла, што сустрэча адбылася раней ды адзін на адзін, можна было спадзявацца, што паміж імі нічога не адбылося б. Хутчэй за ўсё, Чубар злез бы тады з каня і, ні слова не пярэчачы, аддаў яго гаспадару. Але здарылася падзея пасярод вуліцы, на вачах у незнаёмых людзей, якія невядома як маглі паставіцца да ўсяго. Лепей было рыхтавацца бараніць сябе. Чубар звычайна закіпаў хутка. Але гэты раз злосць у ім нібыта заснула.
І тым не менш настаў момант, калі ён ужо гатовы быў павысіць голас. Тады наперад ступіў другі чалавек і сказаў Чубару:
— Слухай, аддаў бы ты сапраўды каня, а? Гэта яго конь. Не трэба крыўдзіць чалавека. Аддай!..
Чубар павярнуў галаву — звяртаўся да яго ўчарашні шыраеўскі мужык, з якім яны памелі гаворку на дарозе ў лесе. Звалі мужыка Ягорам, а прозвішча яго было Пішчыкаў. Цяпер мужык стаяў без армяка, у ватоўцы, зашпіленай па самы кадык на шыі.
— Аддай, — плюскаў ён вачамі.
Чубар зірнуў на астатніх мужыкоў. То былі людзі пераважна старога веку. Толькі трох ці чатырох можна было палічыць за пажылых. Сяляне таксама з дакорам талопілі вочы на тое, што адбывалася на вуліцы.
— Гэта петрапольскі аднаасобнік, — пачаў тлумачыць Чубару Ягор Пішчыкаў. — У яго дзяцей поўная печ. Дык аддай каня. Без каня яму нельга.
Чубар перакінуў у левую руку вінтоўку і спрытна, нягледзячы на цяжар, які быў у ім, саскочыў з каня.
— Раз твой, то бяры, — сказаў ён гаспадару каня, але такім голасам, нібыта не меў да гэтай гісторыі ніякага дачынення.