Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 187

Іван Чыгрынаў

Селяніну, мусіць, няўцям было, чаму Чубар гэтак шнарыў па кішэнях забітага, бо раптам падаў як не насмешлівы голас:

— Што ў яго магло быць? Відаць, салдат жа... калі, вядома, не надзеў салдацкае...

Селянін вылез з ямы, атрос запэцканыя ў гліну картовыя штаны, якія дудурыліся ў яго, быццам у малога, на каленях, таксама падышоў да забітага. Чубар чакаў, што селянін сапраўды стане ззуваць чаравікі, і рыхтаваўся ўжо накрычаць тады на яго, але той раптам здзіўлена войкнуў і сеў.

— Немцы! — шапнуў ён.

Чубар ад нечаканасці ледзь не ўсхапіўся, аднак стрымаў сябе і ў той жа момант кінуўся, бы малпа, на чатырох, да сваёй вінтоўкі, якую паклаў на кучомістую траву яшчэ да таго, як брацца за рыдлёўку.

— Не гоцай! — сыкнуў на яго селянін.

— Дзе яны? — шэптам спытаў Чубар.

— Не чуеш, па дарозе едуць!..

І праўда, на бальшаку гуло ўжо ад матораў, і гул, здавалася, станавіўся да неба, нават дзіўна, што Чубар не пачуў яго раней...

— Як думаеш, ці ўбачылі яны цябе?

Селянін у адказ адно зрабіў дурнаваты твар ды паціснуў плячамі. Гусіным крокам, каб не вытыркацца з жыта, Чубар вярнуўся да селяніна і, кладучыся, прыткнуўся левым плячом побач, акурат выконваў гэтым на агнявым рубяжы першую вайсковую каманду.

Ці то на твары ў яго была рашучасць, якая не пакідала сумнення, ці, можа, уражанне зрабіла тое, як браў ён, быццам напагатоўку, зброю, але селянін раптам ухапіўся за Чубараву штаніну і пачаў тармасіць:

— Ты што гэта надумаў? Хочаш пагубіць нас? Не страляй, кажу!

Чубар вырваў з рук штаніну, пасунуўся трохі далей. Да гэтага яму і ў галаве не стаяла страляць адсюль: па-першае, скрозь жыта не праглядваўся бальшак, на якім гулі машыны, а па-другое, станавіцца на ногі ды вытыркацца і зусім нельга было — не паспееш падняць вінтоўку, як цябе апярэдзяць. Тым часам побач, бы дакор, ляжаў мёртвы чырвонаармеец, які, мусіць, таксама мог адсядзецца ў гэтым жыце, каб толькі захацеў, а вось жа не стаў хавацца... Аднак Чубар ужо нібыта прырос да зямлі, і ў яго не было рашучасці выпаўзці на край поля альбо стаць на ногі...

Селянін не пераставаў кленчыць за спіной:

— Пашкадуй хоць мяне, раз сябе не думаеш. Што ты адзін зробіш ім, а сябе, ды і мяне вось, пагубіш... Можа, хочаш ляжаць, як гэты?

«Ды змоўкні ты!» — нарэшце з агідай падумаў Чубар, бо ў яго паднялося ўсё ўсярэдзіне супраць гэтага чалавека: захацелася нечакана выцяць кулаком наводмаш альбо піхнуць нагой, каб пакаціўся куды. Але ці гэта зробіш? Не хапала распачаць тут валтузню!.. І Чубар свядома рабіў выгляд, што не спяшаецца страляць толькі таму, што ўважае селяніну, хоць самому было прыкра і сорамна — і за сваю нерашучасць, дакладней, страх, які ён мог апраўдаць і растлумачыць, і за забітага чырвонаармейца, які ўжо не меў такой магчымасці. Гэтая прыкрасць не пакідала Чубара ажно доўга: і тады, як зноў аціхла на бальшаку, і яны ўдвух — ён і селянін — амаль похапам апускалі на руках у магілу чырвонаармейца, а пасля закідвалі зямлёй, і тады, калі Чубар вырушыў з жыта і папраставаў да бакавой дарогі, мяркуючы выйсці да Бесядзі ў другім месцы.