Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 188

Іван Чыгрынаў

Але ў той дзень, як на тое, Чубара чакала яшчэ адна сустрэча.

Кіламетраў праз колькі, ужо, бадай, у самыя прыцемкі, пазнаў на лясной дарозе, за распрэжаным возам, знаёмага чалавека. То быў бабінавіцкі яўрэй Хоня Сыркін, той самы бежанец, у хату якога Зазыба з Шарэйкам пасялілі Марылю.

Да вайны Сыркін працаваў нарыхтоўшчыкам спажывецкай кааперацыі, ці, як гаварылі мужыкі — каравачнікам, і яго добра ведалі ва ўсіх вёсках па Бесядзі, бо наведваўся ён са сваёй пукатай скрыняй, напіханай гарусоўкамі, гузікамі, грабеньчыкамі і яшчэ рознай патрэбшчынай, усюды, нават не мінаў заехаць за межы раёна. Тым часам у Бабінавічах, ды і ў бліжэйшых вёсках, ведалі яго і па другой прычыне: у Сыркіна была найтаўсцейшая сярод местачковых яўрэяў жонка. Сам ён ростам і плячамі не выйшаў, а жонку ўзяў як на дваіх, і калі, бывала, ішоў з Цыляй па мястэчку, то ў людзей на тварах узнікалі ўсмешкі. Праўда, знаёмыя ўсміхаліся заўсёды за вочы. Аднак у кірмашовыя дні цікаўныя вясковыя людзі хадзілі за імі ўжо ледзь не натоўпам. Адным словам, чалавек Сыркін сапраўды быў вядомы ў забяседдзі, і Чубар, напаткаўшы, не мог не пазнаць яго нават далёка ад мястэчка.

У бежанства Сыркін паехаў у адзін дзень з іншымі бабінавіцкімі яўрэямі, балазе, каня яму не трэба здабываць было, бо некаторым давялося выбірацца з мястэчка на валах, а то і на каровах, але ў дарозе здарылася няшчасце: у жонкі пачаўся цяжкі прыступ. Доктар, таксама бабінавіцкі яўрэй, які ехаў разам у бежанцы, не параіў везці Цылю далей: дрогкая дарога, да таго ж вельмі небяспечная, калі наляталі самалёты, магла каштаваць хворай жыцця кожную хвіліну. Тады Сыркін даехаў з абозам да першай вёскі, якая трапілася на шляху, агледзеў млын, што стаяў наводшыбе, за невялікай рэчкай, і пачаў падганяць сыноў, каб тыя пераносілі з воза скарб у сярэдзіну млына. Але выратаваць жонку не пашанцавала. Тая памерла акурат праз два тыдні, калі ехаць далей у эвакуацыю не было як: нямецкія войскі выходзілі ўжо за Іпуць да Дзясны. І вось Сыркін з двума хлопцамі, аднаму з якіх, старэйшаму, споўнілася якраз у пачатку гэтага жніўня пятнаццаць гадоў, вяртаўся назад у Бабінавічы. Чубару сваё рашэнне падацца назад у мястэчка ён растлумачыў так:

— Ты паглядзі на мяне — морда, нікуды яе не схаваеш. Хоць тут мяне пазнаеш, што я яўрэй, хоць там. Дык няхай лепей здарыцца гэта там. Бог ведае, я нічога дрэннага людзям не рабіў...

Прыгнечаны горам (памерла жонка), няўдачамі (асабліва тады, як ужо на зваротнай дарозе нямецкі лётчык пацэліў у канёву галаву і воз з хатнім скарбам давялося цягнуць на сабе), а больш, можа, пакутлівым чаканнем, што яшчэ магло стацца наперадзе, Сыркін быў у роспачы, хоць знешне здаваўся спакойным. Але роспач яго лёгка адгадвалася і па тым, як са скрухай і жалем пазіраў ён на сваіх маўклівых сыноў, лупатых і кучаравых, з чырвонымі тварамі падлеткаў, і па тым, як гаварыў часам абы-што, нібыта пераконаны быў, што дагаджае гэтым кожнаму, хто мае хоць якую перавагу над ім.