Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 185
Іван Чыгрынаў
Ужо зусім на сконе быў жнівень, бо тыя колькі дзён, якія заставаліся ў ягоным календары, ці маглі дадаць яшчэ што важкае на нябачныя шалі, на якіх і ўпрыкмет, і неўпрыкмет сіліліся падолець адно аднаго сёлетнія лета і восень, але ў наваколлі зноў было, як улетку, нават там, дзе не пашархала вакол кустоў прыткая каса, па-ранейшаму чырванелі, жаўцелі і сінелі ў высокай траве лугавыя краскі. Пахла мёдам, нібыта паблізу дзе была пасека, хоць Чубар ведаў, што ніводнага вулля за паўтара кіламетра на ўсе бакі не павінна стаяць, значыць, усё яшчэ паўнюткія і моцныя былі меданосы, што як нанава пачыналі духмяніць пасля нядаўняе золі.
Неяк самахоць успомнілася раптам, што недалёка адсюль, на пячышчы, дзе ў старыя гады гналі каланіцу з бяросты, была верамейкаўская лупільня — станок з зубчатым колам і невялікая, аршынаў на пяць, хатка. Будавалі лупільню пры калгасе, але да Чубара, калі ў Верамейках кіраваў Зазыба: тады якраз выйшла забарона смаліць свіней, каб кожны гаспадар здаваў скуру дзяржаве. Але ж ці гэта сала ў вёсцы, калі без паджоўклае шкуркі, прапахлай саламяным дымам? І вось паступова, азіраючыся двор на двор, але не выдаючы адзін аднаго, верамейкаўцы занядбалі гэтай забаронай, прынамсі, за свае гады, якія пражыў у Верамейках, Чубар не помніць, каб хто-небудзь з калгаснікаў прывозіў па сваёй ахвоце на лупільню хоць заняпалага парсюка. Што ж датычыла калгасных, то тут рабілася ўсё па закону, як і належыць... Цяпер недзе хатка тая стаяла вольная, і ў ёй, няйначай, можна было перабыць да вечара.
А ўчора Чубар не збіраўся адразу ісці ў Верамейкі.
Яму рупіла тады пахаваць забітага чырвонаармейца, якога знайшоў ля бальшака ў жыце, і ён пайшоў дзеля аднаго гэтага ў вёску, што была таксама па правы бок ад ракі, каб папрасіць там у каго рыдлёўку. Але пажылы, з неспакойнымі вачамі селянін, якога Чубар сустрэў за дварамі, не пусціў назад аднаго — ці пашкадаваў, што незнаёмы чалавек знясе рыдлёўку з двара, ці сапраўды захацеў памагчы яму.
У Чубара было жаданне выкапаць магілу побач з тым пясчаным грудком, дзе, па ягоным меркаванні, ляжаў старшы палітрук. І ён сказаў пра гэта селяніну. А той нядобра пажартаваў, цыўкаючы вачамі:
— Ну, а як немцы паедуць зараз па дарозе? Мне-то яны што? Мне, можа, і нічога не будзе ад іх за гэта. Трупы ж усё роўна каму-небудзь трэба закопваць. А вось ты, што табе яны загадаюць, калі заспеюць з вінтоўкай?