Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 183
Іван Чыгрынаў
— Не.
— Дак чаму тады сядзіш? Зазыба вон турбуецца, кажа, без кладаўшчыцы яму тама, як без рук.
— Абыдзецца...
— Дак...
— А я думала, што вы ўсе — і Дуня, і Сахвея, і ты — во пайшлі ў Яшніцу.
— Дак забегалі ж сянні з гэтым перадзелам!
У размове Ганна паступова спакайнела, і неўзабаве Роза сказала ёй:
— Дак бяры таксама серп, пойдзем у Паддубішча. А то паласу ўжо, можа, вызначылі.
— Я не пайду.
— Дак жа Зазыба наказваў!
— Ну і што?
— А тое, што я цябе нешта не разумею сянні!
— Ідзі, Роза, ідзі на поле, — уздыхнула Ганна, — а я сваю паласу паспею пажаць.
Роза спытала:
— Можа, і праўда паліцэйскі што?..
— Адкуль ета ведама?
— Дак...
— Тады не гавары абы-што!
— Ну і то ладна! Што сказаць Зазыбу?
— А нічога. Скажы, што прыйду.
Можа б, Роза пабыла даўжэй у хаце, але адчувала, што Ганна хацела як хутчэй застацца адна. Напаследак Роза яшчэ сказала:
— Можа, трэба што, дак...
— Ідзі, Роза, ідзі ўжо.
— А хлопцы твае дзе?
— Хто іх ведае! Можа, таксама пабеглі за ўсімі ў Паддубішча?
— Дак і табе няма чаго сядзець адной тута.
— Ладна, ідзі, Роза...
Ганна зноў павярнулася тварам да акна, а Роза пастаяла колькі момантаў за ёй, тады зусім ціха, быццам крадком, выйшла за парог.
За коўратамі, якія выводзілі за вёску на гуцянскую дарогу, яна дагнала Брава-Жыватоўскага. Ускінуўшы вінтоўку прыкладам на плячо, той ішоў, цямнейшы за хмару. Розін муж, Іван Самусь, даводзіўся Жыватоўшчыкавай Парасцы раднёй, таму Роза магла загаварыць па-свойску з Брава-Жыватоўскім нават цяпер, калі ён быў паліцэйскім.
— Што ета вы так позна, дзядзька Антон?
— Праспаў, — буркнуў Брава-Жыватоўскі. — А ты?
— Дак бегала во па Ганну Карпілаву. Зазыба пасылаў.
— Угу.
— Дак нешта не пайшла во.
— Ты не клапаціся пра Ганну, — павучальна сказаў Брава-Жыватоўскі. — Ёй і прынясуць, калі трэба.
— Што вы гаворыце, дзядзька Антон? — заступілася Роза за сяброўку. — Многа ёй нанасілі!
— А ты быццам ведаеш?
Брава-Жыватоўскі перайшоў на другую абочыну дарогі. Колькі часу яны ішлі моўчкі. Тады Роза сказала, нібыта хацела пахваліцца:
— А мы ўжо сянні збіраліся з бабамі ісці ў Яшніцу глядзець сваіх мужыкоў. Тама ж цяпера лагер ваеннапалонных. Дак, можа, і наш чый там. А тута Зазыба раптам падняў людзей!
— А я вось спаў сабе і не ведаў, што ўсе ў Паддубішча падаліся.
Але Брава-Жыватоўскі гаварыў няпраўду. Пра ўсё ён ведаў. Ды каб не ісці ўранні разам з усімі ў Паддубішча, на тое ў яго былі свае прычыны. Па-першае, Брава-Жыватоўскі разважыў наперад: яшчэ ж чэрці на кулачкі не пабіліся, каб яму шукаць сабе на лоб гузакоў, а вось як справа з падзелам калгаса будзе скончана ці хоць бы пачнецца па-сапраўднаму, тады і ён з’явіцца — і перад бабінавіцкім камендантам апраўданне ёсць, маўляў, без яго рабілі ўсё, і верамейкаўцам пакуль на мазоль не наступіш. Па-другое, штосьці незразумелае рабілася з жонкай. Учора ён сп’яну нагаварыў за сталом, а сёння Параска ажно не хацела глядзець на яго. З заплаканымі вачамі яна ныкала з кута ў куток па хаце і пачынала адразу галасіць, як толькі Брава-Жыватоўскі спрабаваў загаварыць з ёй. Ёй нечага пачало здавацца, што менавіта цяперашні яе муж, які, як высветлілася ўчора, служыў і ў белых, і ў махноўцаў, забіў на грамадзянскай вайне яе Рыжанка. І яна ўжо адчувала вялікі грэх перад сваім першым мужам за тое, што пасля яго жыла з чалавекам, якога не толькі не ведала, але і магла цяпер падазраваць...