Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 182

Іван Чыгрынаў

Калі ўжо Ганна зацяжарыла, Палабок спалохаўся, што ўсё можа высветліцца і наўрад ці даруюць тады яму ў вёсцы за гвалт над дзяўчынай, таму завербаваўся кудысьці на шахты і перавёз туды сям’ю.

Але Ганна не выдала, хто бацька яе большага хлопчыка, дарэчы, як не гаварыла таксама пазней, ад каго ў яе быў і меншы сын.

...У лямпе дарэмна выгарала газа, і Ганне шкада было яе, бо другім разам ужо не будзе чым нават пасвяціць дзецям за вячэрай, але яна не адважвалася тушыць святло: паліцай усё сядзеў на ўслоне, бы сыч, адно не кугакаў.

Няйначай, гэтая ноч была недзе на хуткім сконе, а Ганна яшчэ не прылягла нават на гадзіну. Але яна рада была, што хоць не захварэў меншы хлопчык — цяпер галава ў таго больш не гарэла, мусіць, усё ж перастаяў ён трохі на сонцы. Пасля ёй прыйшло ў галаву, што нядрэнна было б заўтра (калі ўжо не сягоння) таксама прачнуцца як раней ды разам з іншымі верамейкаўцамі пайсці ў поле... Чым больш галаву займалі звычайныя жыццёвыя турботы, тым далей яны адсоўвалі ад яе крыўду на лёс, які хвіліну назад здаваўся надта нелітасцівым; і неўзабаве Ганна неўпрыкмет забралася з нагамі на ложак і яшчэ больш неўпрыкмет заснула, хоць гэтаму працівілася ўсё, што было свядомага ў ёй. Яна не ведала, колькі праспала гэтак, але раптам пачала адчуваць, што на яе хтосьці наваліўся і душыць. Тады Ганна расплюшчыла вочы. Першае, што ўбачыла яна над сабой, быў Рахімаў твар. Але не гэта было самае жахлівае — яна не магла паварушыць рукамі, бо тыя былі прывязаны дзягай да ложка. Змагацца з татарынам, пэўна, ужо не было як. Нават закрычаць Ганна не мела магчымасці: з-за перагародкі тады на яе голас прыбеглі б дзеці, а яна не магла дапусціць, каб тыя пабачылі яе ў такім стане...

Усю светлую раніцу затым Ганна прахадзіла па двары, бы апушчаная ў ваду.

Ёй нікога не хацелася бачыць. І нават тады, як з кожнае верамейкаўскай хаты пайшлі ў Паддубішча людзі, яна не памела ахвоты падавацца за імі.

Роза Самусёва, якую Зазыба выправадзіў з Паддубішча ў вёску, знайшла сяброўку ў хаце: Ганна сядзела, нібы адчужаная, ля акна і нават не павярнула галавы на Розіны крокі — няйначай, мала хто паверыў бы ў Верамейках, але Ганна перажывала гвалт над сабой, як самы вялікі здзек.

Роза паклала на плечы сяброўцы рукі, сказала:

— Ну, што ты?

Тая сцепанула плячамі, як ад холаду.

— А ў Паддубішчы збіраюцца па дварах жыта дзяліць, — сказала Роза яшчэ. Яна адчула ўжо, што з Ганнай нешта здарылася.

Ганна маўчала.

— А мяне па цябе Зазыба паслаў, — пачала паціху тармасіць Роза сяброўку за плечы.

І тады нарэшце Ганна паглядзела жоўтымі ад бяссонніцы вачамі, крыкнула:

— Ён бы лепей, Зазыба ваш!.. — Але не скончыла крыку і заплакала наўзрыд, скаланаючыся ўся.

Роза збянтэжана пастаяла над ёй, а тады з болем спытала, павышаючы голас:

— Ну што? Што здарылася?

Ганна раптам як ачомалася, перастала плакаць.

— Нічога, — сказала сумна.

— Можа, пакрыўдзіў хто?