Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 12
Іван Чыгрынаў
— Можа, гэта? — сказаў адзін голас.
— Калі цётка тая дакладна палічыла, — адказаў другі.
— Па левы бок?
— Здаецца, так.
— А як тут узысці на двор?
— Чорт яе ведае!
— Можа, тады залезці ў гародчык гэты ды паляпаць у шыбіну?
— Не, патопчам. Пад вокнамі заўсёды што-небудзь расце.
— Можа, выйсці да іх трэба, — падказала Зазыбу Марфа.
Але Зазыба не зварухнуўся.
Тым часам людзі падаліся да Зазыбавых варот, дзе па правы бок была фортка. Запораў на ёй адмысловых не было, адзін драўляны сабачка, што прыўзнімаўся аборкай у прасвідраваным вочку. На двор не цяжка было трапіць нават уначы. Як і трэба было чакаць, незнаёмыя людзі хутка справіліся з няхітрымі Зазыбавымі запорамі, узышлі на ганак. У хаце пачулася, як яны пачалі паціху ляпаць клямкай. Зазыба выйшаў у сенцы. На ганку, мусіць, пачулі, як адчыніліся дзверы, таму перасталі ляпаць. Колькі часу знадворку маўчалі. Тады Зазыба знарок кашлянуў.
— Старшыня Савета тут жыве? — спыталі з ганка.
— Не.
— А хто вы? Старшыня калгаса?
— Не, я загадчык гаспадаркі.
— Мы чырвонаармейцы. Справа ў нас пільная.
Зазыба пачаў адчыняць дзверы — прывычна намацаў у цемнаце жалезную засаўку, шмаргануў яе ўправа, жалеза бразнула, і дзверы расчыніліся ледзь не напята, быццам на іх хто націснуў з таго боку. Чырвонаармейцы адступілі на крок, даючы дарогу гаспадару. Зазыба выйшаў на ганак, стаў паміж чырвонаармейцамі. Адзін з іх паднёс руку да шапкі, сказаў:
— Лейтэнант... — і назваў прозвішча, якое Зазыба не паспеў расслухаць: вочы ў чырвонаармейца блішчалі нават уначы.
— Дак якая справа тады да мяне? — спытаў Зазыба.
— Бензін трэба, — сказаў лейтэнант.
— Бензін? — перапытаў Зазыба.
— Так.
— Але ж ці ёсць ён? Мабыць, здалі разам з аўтамашынай. У нас палутарка была.
Лейтэнант зняў шапку.
— Але хто скажа — ёсць бензін у калгасе ці не? — спытаў ён больш настойліва.
Зазыба паціснуў плячамі.
— Ну вось, а яшчэ заўхоз!.. — сказаў тады чырвонаармеец, які да гэтага маўчаў.
— Дак я таксама без году нядзеля тута, — пачаў апраўдвацца Зазыба. — Было адлучаўся надоўга з калгаса. Рабілася ўсё без мяне.
— Разумееце, у нас гаручае кончылася...
— Можа, тады спытаць у кладаўшчыцы? — няпэўна, як для самога сябе, сказаў Зазыба. — Гэта недалёка.
— Пакажыце, — адразу ўхапіўся лейтэнант.
Зазыба пастаяў трохі ў развазе, а тады ціха зачыніў дзверы і першы сышоў з ганка.
Кладаўшчыцай у калгасе была Ганна Карпілава, саламяная ўдава: у свае маладыя гады — не набрала яшчэ і дваццаці пяці — яна мела двух дзяцей, так званых ветравічкоў-бязбацькавічаў. Хадзілі да яе і тутэйшыя, верамейкаўскія мужыкі, і прыезджыя, асабліва розныя ўпаўнаважаныя, якія праседжвалі ў калгасе цэлымі тыднямі і якіх вадзілі да яе, па-вясковаму, як у гасцініцу, начаваць. Здаралася, што знаходзіліся і жаніхі ёй, якія сваталіся, здаецца, разы са тры. Але доўга не затрымліваліся ў яе хаце. Аднаго прымака, лесасплаўшчыка, яна прагнала сама — пабіла даёнкай за тое, што недзе бачылі яго са старэйшай Піліпчыкавай дачкой, астатнія ўцякалі па сваёй ахвоце: ці то харчы не падабаліся, ці то цягавітасці не хапала. Кладаўшчыцай Ганну паставіў ужо Чубар. Спярша ў Верамейках смяяліся з гэтага, а пасля перасталі: слабкая на перадок, Ганна выйшла моцнай на галаву. За якія паўгода яна разгадала паперную мудрасць і стала нядрэннай кладаўшчыцай.