Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 117
Іван Чыгрынаў
— Некаму ж судобіла разжыцца!
— Не, ета іхняе. Афіцэр адзін прынёс. Абяцаў таксама заплаціць. — Шарэйка ўсміхнуўся, пасля зноў пачаў гаварыць, але ўжо нібыта адказваючы на нейкія свае думкі. — Яно, канешне, немец — вораг, і, як пісалі ў газетах, кожны бохан хлеба павінен разарвацца ў ягоных руках жалезнай бомбай, але ці пражывеш па-пісаным?
Зазыба пачакаў, а тады сказаў:
— Вы тута, як відаць, прызвычаіліся ўжо да немцаў. Да, мусіць, усе. Падвозіў сянні адну бабу, дак таксама ажно не магла нахваліцца камендантам.. Адольфам — ці як ён у вас?
— Дак ён не ў адных нас. Ён і ў вас. Верамейкі яму таксама падначалены.
— Але ці не рана пачалі вы яго хваліць? — паглядзеў на краўца Зазыба.
Той адчужана ўсміхнуўся.
— Галоўнае, каб не было позна. Але расказвай, што новага дзе, а то мы адразу неяк...
— Дак навіны ж у вас усе.
Шарэйка пастаяў задуманы.
— Канешне, — згадзіўся ён праз нейкі момант, — навін у нас па етым часе багата, але больш іх усё ж ідзе з Крутагор’я. Што ні кажы, а цэнтр ёсць цэнтрам.
— Я нават не ведаю, як яно цяпера — што цэнтр, а што не. І ці ёсць наогул райцэнтр? Можа, павятовым стаў? Мы тама сядзім, як у прыдусе — ці то ўжо высоўваць з паніўкі галаву, ці яшчэ пачакаць.
— Ты от кажаш, ці не зарана мы хвалім Адольфа? Але ці ведаеш ты, хто начальнікам паліцыі ў Крутагор’і стаў?
— Дык хто іх зразумее цяпера! — паціснуў плячамі Зазыба.
— Ета праўда, — усміхнуўся Шарэйка. — Нават і ў галаву можа не прыйсці, калі падумаць. Помніш Рослаўцава?
— Таго, што быў дырэктарам маслазавода?
— Ага.
— Гм...
— Дак ён цяпера ў Крутагор’і і стаў начальнікам паліцыі, ці, як немцы называюць, начальнікам аховы парадку. А мы за яго яшчэ ў мінулыя выбары галасавалі ў райсавет...
— І праўда — навіны, — заплюскаў вачамі, як ачмураны, Зазыба. — А можа, у яго ад нашых такое заданне было — стаць на высокую пасаду ў немцаў, каб памагаць пасля сваім?
— Каму ета сваім?
— Ну, нам во... Чырвонай Арміі...
— Етага я не ведаю, але для справы, бадай, лепей было б, каб Рослаўцаў не быў начальнікам паліцыі ў Крутагор’і. Яно вядома, ты хітры, але і немец не дужа дурны. Таму я і кажу. Цяпера то яшчэ нічога — адны вочы ад здзіўлення ў людзей лезуць на лоб, а калі раптам ён захоча і немцам паслужыць? Ці мала якая прычына знойдзецца? Ведаеш, як тады галовы пакоцяцца з плеч? Ён жа лепей за немцаў пра ўсё ў раёне ведае. І актывістаў, і...
— Ты думаеш, ён...
— Нічога я не думаю, — ужо са злосцю сказаў Шарэйка. — Я табе гавару, як яно ёсць ці можа быць. Некалі мой Гірша казаў — не думай, як думаеш, а думай, як давядзецца. Дарэчы, разумны чалавек быў. Дужа разумны.
— А я помню яго.
Шарэйка махнуў рукой:
— Пагары яны гарам і немцы, і начальнікі паліцыі іхнія, асабліва Рослаўцаў! Ты лепей скажы, які прымус зрушыў цябе ў такі час?
— Да ўжо і не ведаю, як пачынаць.
— Так жа сабе не паехаў бы.
— Дзяўчо во прывёз у мястэчка.
— А хто яна табе?
— Як табе сказаць... — Зазыба сабраў гармонікам лоб. — Трэба ўладжваць яе ў мястэчку.
Не дачакаўшыся ад Зазыбы пэўнага адказу, Шарэйка сказаў: