Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 9

Уладзімір Дамашэвіч

— О, гэта голас! — з пафасам усклікнуў Ярошка. Дружна сабралі са стала пасуду, памылі, заслалі стол амаль што чыстым настольнікам — сям-там толькі відны былі на ім плямы ад віна,— і Антановіч з прыкметным хваляваннем дастаў з тумбачкі сшытак, сеў за стол і пачаў чытаць — адразу, без усякага ўступнага слова і каментарыяў.

Хлопцы слухалі моўчкі, толькі часам каторы ўсміхаўся, часам пакрэктваў ці круціў галавою. У паэме апісвалася ўсё тое, што яны тут перажывалі з першых дзён вучобы. Як уладкоўвалі свае справы, як угрызаліся ў граніт навукі, аб чым марылі і думалі, аб чым спрачаліся і каго любілі.

У цэнтры паэмы быў Міша Дзівін — Ярошка. У гэтым ужо ніхто не сумняваўся, бо ён быў відзён як на далоні — усе яго замашкі, характар, а галоўнае — яго раман з адной дзяўчынай, іх аднакурсніцай, раман, праўду сказаць, не зусім прыемны для галоўнага героя. Хлопцы ўсміхаліся, а Ярошка круціўся як уюн на патэльні і гладзіў свае валасы — у яго была звычка гладзіць валасы і на патыліцы збіраць іх у адно месца. Атрымлівалася не то каса, не то хвост.

Скончыўшы чытаць, паэт разгублена абвёў позіркам твары сяброў, з надзеяй і страхам чакаў пачуць першае слова крытыкі, бо хлопцы ў літаратуры разбіраліся — нездарма ў іх быў настаўнікам Юс Вялікі — Юскавец.

Усе чамусьці скіравалі вочы на Русіновіча.

— Стары, пачынай! — падбадзёрыў яго Ярошка, паціраючы рукі.

Русіновіч адмоўна пакруціў галавой.

— Не, я потым. Тым болей, што я ўжо гэта чытаў раней...

— Калі? Ну, што такое? Па спісу выклікаць, ці што? — насядаў Ярошка.— Прафесар, давай!

Рак замяўся, пачырванеў, пацепнуў плячыма і выціснуў два словы:

— Не ведаю...

— Выдатная ацэнка! — пахваліў яго Ярошка.— Падмацуй цытатай!

Але Рак адразу насупіўся і нібы нырнуў у сваю шкарлупіну, як гэта ён рабіў заўсёды, калі лічыў сябе пакрыўджаным,— замоўк і адышоў ад стала.

Ярошка нездаволена фыркнуў.

— Не трэба і казаць: пазбаўляю слова... Хто наступны? Малец? Ідзі на трыбуну.

Малец падняўся, нібы сапраўды збіраўся ісці, пасля зноў сеў.

— Пяхота! Ты толькі не збівай мяне сваімі мудрымі рэплікамі, а дай выліць душу,— папярэдзіў ён Ярошку.— Я коратка... Мне здаецца...

— Перахрысціся!..

— Ідзі да д’ябла! Яшчэ раз пераб’еш — выстаўлю за дзверы... Дык вось, дарагія мае хлопцы... Я лічу, што лёс нам пасылае добрага паэта, такога тыповага беларускага, шчырага, простага да наіўнасці...

Ярошка закруціўся на сваім крэсле, схаваў пад далонню ўсмешку, хацеў нешта сказаць, але стрымаўся.

Малец працягваў:

— Праўда, тут нельга выносіць канчатковы прысуд, бо гэта яшчэ фрагменты. Ды і ў іх ёсць да чаго прычапіцца. Заганы ёсць, але агульнае ўражанне такое, што паэт знайшоў сваё «я», што ў яго ёсць свой голас, «асядлаў» сваю тэму—менавіта заходнебеларускую. Гэтыя словы:

Край мой родны, дзе я рос!

На шляху сваім юначым

Тут я ўбачыў мора слёз,

Покі шчасце тое ўбачыў,—

ідуць з душы чыстай і шчырай. У іх відна гісторыя нашага краю. Я скончыў.

Ярошка пачакаў, пакуль Малец усядзецца і перастане скрыпець крэслам, і спытаў: