Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 8

Уладзімір Дамашэвіч

— Пектараліс, думай, што гаворыш,— асадзіў яго Малец.— Памагчы чалавеку таксама трэба ўмець. Ва ўсім патрэбен такт, а яго ў цябе зроду не было. Ты думаеш, што ва ўсіх такая цвёрдая скура, як у цябе?.. Памятаеш сялянскі анекдот: пазычыў багаты чалавек беднаму свой касцюм на вяселле. Якраз у разгар таго вяселля, калі збіраліся ўжо дзяліць каравай, падыходзіць да маладога дзядзька і моцна, каб усе чулі, кажа: «Глядзі, а ты не хацеў пазычаць гэты касцюм, баяўся, што вялікі, а ён як на цябе шыты». Так і ты.

Ярошкаў твар стаў яшчэ больш шэры.

— Дараўнаваў! Што я такое сказаў? Я ж не раскрыў ніякага сакрэту. Чым я пакрыўдзіў Старога?

— Ды не, я не крыўдую, перастань, Малец,— загаварыў Русіновіч.— Факт застаецца фактам. А калі наконт таго, што глыбей засядае ў памяці — добрае ці кепскае,— то гэта як у каго... Што больш уражвае, тое глыбей засядае.

Наступіла няёмкая паўза. Ярошка такі зразумеў, што пакрыўдзіў Русіновіча неасцярожным словам, але ў яго не было звычкі прызнавацца, што ён зрабіў нешта не так. Сялянская ўпартасць у ім сядзела глыбока. Урэшце ён узлаваўся:

— Кіньце гаварыць прытчамі, не люблю алегорый, эзопавай мовы. Люблю проста з моста — што думаеш, тое і гавары... Калі яшчэ гэтулькі з вамі пражыву, проста стану хадзячай дабрачыннасцю, героем нашага часу.

— Ты герой, але не нашага часу.— Малец ужо скончыў суп і саладзіў «белы» чай.— Пра цябе пісалі сто гадоў назад, а больш не будуць. Праўда, ты там пад выглядам немца Пектараліса, па мянушцы Жалезная Воля, але хто ведае, кім былі твае продкі? Мо і немцамі, бо вельмі ў цябе многа педантызму...

Ярошка яшчэ болей ускіпеў.

— Што сёння за вечар? Чаго гэты Малец ад мяне хоча? Будзьце сведкамі, што яшчэ адна абраза — і я кідаю яму пальчатку.

— Аб’явіш мне «рускую вайну», як той Пектараліс? — дапытваўся Малец.

Задаволена пасмейваўся Рак — ён любіў, калі Ярошка і Малец «грызліся» паміж сабою — тады яны забывалі пра яго.

— А што? І аб’яўлю! Не пагляджу на твае заслугі...

— Пяхота! Што ты ўвесь час насміхаешся над маімі заслугамі? Выходзіць, мне не трэба было ісці ваяваць, а адседжвацца ў бацькі на печы, як ты?

— А што табе да таго, дзе я сядзеў? Я ж не вінават, што з’явіўся на свет на два гады пазней за цябе.

— Табе пашанцавала — і толькі. Вось каб ты паслужыў у запасным палку, а пасля папоўзаў на жываце перад нямецкімі дотамі на прускай раўніне, то не было б у цябе гэтай пыхі. І пра мае заслугі ты маўчаў бы. Не жадаю я табе маіх заслуг і маіх шрамаў.

— А, пра шрамы ўспомніў! Хопіць жыць мінулым...

Яны яшчэ трохі паспрачаліся, але ўжо не з такім азартам, як спачатку, пасля закурылі з аднаго пачка, што ляжаў на Ярошкавай тумбачцы.

— Ну, здаецца, нагаманіліся,— сказаў з усмешкай Антановіч.— Вы абодва мелі рацыю, таму, як бачыце, усе трымалі нейтралітэт, нават наш Рак, які ніколі не прайшоў бы моўчкі міма несправядлівасці...

Рак скрывіўся, але прамаўчаў, толькі пачырванеў.

Антановіч працягваў:

— Як вам вядома, я пішу паэму. Галоўны герой яе — Ярошка. Хачу прачытаць вам тое, што ўжо гатова.