Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 7
Уладзімір Дамашэвіч
— Здорава ты паэтызуеш гэтую кухонную сімфонію. Эстэты могуць пакрыўдзіцца.
— Я не для іх пішу...
— «Я не для вас, паны, о не!» Святыя словы!
— Хоць не да месца сказаныя.
— Можа і так... Але вазьмі іх сабе эпіграфам.
— Гэта вялікі гонар для кожнага...
Антановіч застаўся на кухні — пільнаваць суп, каб не выбег.
Русіновіч асцярожна зайшоў у пакой. Рак прыўзняў канспект, як рыцар забрала, і сказаў:
— Стары, цябе тут шукала адна асоба. Такая невялічкая, русая.
Русіновіч прысеў на свой ложак.
— А не сказала, навошта я ёй патрэбен?
— Мне не сказала. Думаю, што скажа табе... Глядзі, Стары, глядзі. Даслужышся.— І Рак пагразіў яму канспектам.— Мала таго, што сам на спатканні бегаеш...
Русіновіч не паспеў адказаць. У пакой уляцеў Антановіч.
— Падрыхтуйце стол, лежабокі! — крыкнуў ён і знік зноў.
Русіновіч нехаця ўстаў, сцягнуў абрус са стала, заслаў яго газетаю, а ў цэнтры паклаў тоўстую кнігу з шэрай вокладкай, якая заўсёды служыла падстаўкаю для каструлі.
Хутка ў пакой спаважна ўвайшоў Антановіч, несучы на выцягнутых руках поўную каструлю пахучага супу.
— Іграйце туш,— сказаў ён і з крэктам паставіў каструлю на стол.
— Не туш, а марш самі кішкі іграюць. Хіба не чуваць? — стараўся ў тон яму пацэліць Русіновіч.
Рак маўчаў, толькі ўстаў з ложка і кісла ўсміхнуўся.
— Ніколі не думаў, што ў табе жыве такі Гарганцюа. Я лічыў, што ты адным духам можаш жыць! — укалоў яго Антановіч.
— А памятаеш «Кала Бруньёна» ў перакладзе Лазінскага? «Тело пусто — дух расстроен, а поел — и дух спокоен». Як гэта гучыць па-французску?
— Пачакай, зараз, зараз. Толькі мо не так будзе складна, як у Ралана.
— Я ведаю, ты пачнеш імправізаваць. Ад Ралана нічога не застанецца...
І тут дзверы з грукатам адчыніліся, і на парозе выраслі Ярошка і Малец.
— Гэта мы! — выгукнуў вясёлы Ярошка.— Вы не рады? А мы наадварот! Праўда, Пяхота?
Але Малец чамусьці не падзяляў Ярошкавай радасці.
— Толькі выйшлі з чыталкі — чую, грыбным супам пахне. Дык Малец з усіх чатырох кінуўся да інтэрната, я ледзь дагнаў яго і ўсю дарогу трымаў за каўнер. Прагаладаўся, бедны, прэ без аглядкі. Я ледзь паспяваў за ім. Людзей з ног збівалі...
— Не назаляй,— агрызнуўся Малец і стомлена сеў за стол.— Табе ўсё жарцікі наўме. Праваліш, то бацька-старшыня прышле грошай і сала, а мне лепш праз зямлю праваліцца, чым застацца без стыпендыі. Бач, на наша шчасце, за тройку не плацяць.
— Не бядуй, пракормім і цябе,— супакоіў яго Ярошка, вымаючы з тумбачкі міску.— Налівай з берагамі,— сказаў да Антановіча.— Памятаеш, як Старога паўгода кармілі.
Русіновіч схіліў галаву, пачырванеў. Хто-хто, а ён ніколі не забудзе той трэці курс, калі ў яго быў такі крызіс — душэўны і матэрыяльны. Яго сястру, якая працавала ў сельскай краме, судзілі за растрату, далі пяць год — з поўнай кампенсацыяй страт. І яму «пашанцавала» — заваліў замежную. Каб не сябры, невядома, што было б тады з Русіновічам. Думкі ў яго былі самыя чорныя, ды і нервы пачыналі здаваць... Пасля Русіновіч рашыў: усё, што хлопцы зрабілі для яго, ён некалі ў сто разоў больш аддасць добрым людзям, будзе заўсёды памагаць тым, хто будзе мець у чым-небудзь патрэбу, ніколі не кіне чалавека ў бядзе і не застанецца глухім да чужое просьбы.