Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 10

Уладзімір Дамашэвіч

— Хто наступны? Я? Даю сам сабе слова... Гм... Цяжка гаварыць пасля такога златавуста, але што ж? Не дамо сябе на асмяянне... Мы прысутнічалі на нараджэнні... Не, што я кажу — пры хрышчэнні сапраўднага паэта. Гэта яго першае баявое хрышчэнне, і дай бог, каб заўсёды яго прымалі чытачы і крытыкі, як сёння прымаем мы. Шкода, што ўжо зачынены магазіны і што мы апаражнілі каструлю з супам. Але прабачце, я не туды гну... Паэма ўвогуле неблагая, мо толькі надта ў духу нашых традыцый... А вось што да галоўнага героя, то тут я павінен зрабіць аўтару сур’ёзны папрок. Мне гэты герой уяўляецца інтэлектуальна высокім, хоць і верным свайму старому класу — сялянству, якое некаторыя лічылі якраз інтэлектуальна бедным, забітым, прыніжаным і г. д. Я сам, аднак, з’яўляюся праціўнікам такога погляду — каб усе ведалі. У паэта гэты герой трохі, каб не сказаць больш рэзка, прыземлены, нейкі трохі сутулы, ледзь не гарбаты, нібы толькі ад сахі і касы, а гераіня такая ўжо Афелія, што бог ты мой! Рафінаванае дзіця горада, узнёсласць думак і пачуццяў! Натуральна, што яна не можа пусціць у сваю душу гэтага, з дазволу сказаць, мужлана Дзівіна і кажа яму — каціся... Вось такая мая галоўная прэтэнзія. Хто наступны? Стары? Прашу!

Слухаючы Ярошку, Русіновіч увесь час усміхаўся. Ён ведаў, што Ярошка гаварыў тое, што думаў, толькі знарок афарбоўваў усё ў гумарыстычны тон.

Русіновіч спачатку блытаўся, пераскокваючы з думкі на думку, пасля паступова выбраўся на роўную дарогу.

— Ужо сам факт, што напісана паэма,— радасны... Але галоўнае — што і як? Малец хваліў тэму... Правільна, тэма вартая ўвагі. Нас, «заходнікаў», яшчэ не ведаюць — хай даруюць мне... усходнія нашы браты. Нас паказвалі аднабока: або нейкімі ўпартымі фанатыкамі, або нікчэмнымі... Мне падабаецца свой погляд на гісторыю краю, імкненне стварыць самабытны характар маладога беларуса Дзівіна, які хоча быць падобны да ўсіх, хто яго акружае, але ўсё ж выдзяляецца, бо не страціў яшчэ адбітку часу і асяроддзя, з якога выйшаў. Не скажу, каб ён выглядаў белаю варонай, але нечым да яе падобен. Ды якраз у тым, што ён не падобен да іншых, і яго вартасць. Што мне спадабалася асабліва — гэта аптымізм, сапраўдны народны аптымізм паэмы, хоць сітуацыя тут даволі драматычная... Многа гумару, лірычных, задушэўных мясцін і радкоў, якія хочацца цытаваць. Хачу папярэдзіць толькі нашага паэта ад адной небяспекі, якая можа яго спаткаць. Я ўжо ўпамінаў пра яго аптымізм. Гэта добра, гэта вельмі добра... Але аптымізм можа вырадзіцца ў бяздумнасць, зубаскальства, няўвагу да сацыяльнага боку жыцця...

— Ну, Стары, завёў, канца не відаць.— Ярошка дэманстратыўна пазяхнуў на ўвесь рот і пацягнуўся.

— Замаўчы, Пяхота, дай чалавеку сказаць. Цябе слухалі,— супакоіў яго Малец.

— Маўчу.

Русіновічу была дарэчы гэтая паўза, бо ён якраз страціў на момант асноўную думку — з ім гэта нярэдка здаралася. Хлопцы сціхлі. Русіновіч працягваў:

— Чалавека трэба паказваць усебакова, а не маляваць яго такім бесклапотным весельчаком, які толькі пяе частушкі і ніколі не сутыкаецца з бядою, з няшчасцем, з несправядлівасцю ці здрадай. Паказаць чалавека такім — гэта паказаць яго аднабакова, збеднена, гэта значыць, адысці ад праўды, сфальшывіць. Вось як я гэта разумею...