Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 5

Уладзімір Дамашэвіч

За ім уставаў Ярошка, таксама невысокі, але каржакаваты і моцны, з шэрым бяскроўным тварам, з тонкімі вуснамі. Свой дзень ён пачынаў з фіззарадкі. Пахрустваючы суставамі, рабіў спачатку лёгкую размінку, пасля браў гантэлі і доўга размахваў імі, то прысядаючы, то нават кладучыся на падлогу. У яго таксама быў свой тэмп, не надта хуткі, але спорны. Ён ніколі не спяшаўся, але ніколі і не пазніўся, усё разлічваючы да секунды. Яго за гэтую дакладнасць называлі Пектаралісам.

Апошнімі падымаліся Русіновіч з Антановічам.

Яны сябравалі, хоць перад гэтым паміж імі адбылася непрыемная сутычка, аб якой яны не любілі ўспамінаць. Гэта здарылася даўно, яшчэ на першым курсе. Аднойчы Антановіч быў не ў гуморы, а, як на бяду, Русіновіч моцна наступіў яму на нагу сваім цяжкім ботам. Антановіч хутчэй механічна, чым са злосці, штурхануў Русіновіча. Той, доўга не чакаючы, штурхануў Антановіча. Праз якую секунду яны ўжо стаялі адзін супроць аднаго, гатовыя кінуцца ў бойку. Але хлопцы іх расцягнулі.

Памірыліся яны хутка і адразу пасябравалі, цяпер ужо разам хадзілі і нават елі з «аднаго катла».

Антановіч быў паэт, меў вясёлы, жывы характар, выдатна вучыўся, і з першага курса яго выбралі старастам. Русіновіч, наадварот, быў ціхманы, замкнуты, не вызначаўся здольнасцямі, але быў чулы да чужой бяды, спагадлівы.

...Рак пасля снедання клаўся на свой ложак і чытаў, пакуль яго не зморваў сон. Хлопцы, прыходзячы з бібліятэкі, звычайна заставалі яго ў такой позе: апрануты, у доўгіх, як лыжы, туфлях, ён ляжаў на ложку, бы нябожчык, скрыжаваўшы на грудзях рукі і прыкрыўшы твар кнігай ці канспектам. Але амаль усе экзамены ён здаваў на «выдатна» — памяць у яго была, як казалі студэнты, конская. Тое, што ён прачытаў раз, засядала ў яго мазгах надоўга. А кнігі ён чытаў, што машына,— за адзін дзень мог адолець некалькі тоўстых раманаў. Праўда, ён прызнаваўся, што чытаў «па дыяганалі», сочачы толькі за сюжэтнай лініяй. Рак губляўся толькі тады, калі трэба было самому нешта прааналізаваць, даць не гатовую, а сваю ўласную ацэнку факту ці з’явішчу. Ён любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч.

Малец з Ярошкам ад цямна да цямна сядзелі ў бібліятэцы — у Ленінскай ці ў сваёй, універсітэцкай. Малец зубрыў да страты прытомнасці, да атупення — так баяўся за стыпендыю, хоць атрымліваў яшчэ і пенсію. Ён памагаў матцы і малодшай сястры. Ярошка таксама стараўся, але пры яго цягавітасці і дужасці такая нагрузка нічога не значыла — ён мог вынесці і не гэта. Ён таксама быў выдатнік.

Антановіч з Русіновічам і тут адрозніваліся. Антановічу ўсё давалася лёгка: на экзаменах яму ставілі адны пяцёркі. Здавалася, ён не вучыць, а ведае ўсё даўно, і цяпер толькі паўтарае.

Русіновічу і тут шкодзіла яго маруднасць і павольнасць думкі, але ўсё, што ён гаварыў ці даказваў, было яго ўласным, выказаным па-свойму, хоць часам і карава. І ацэнку таму ці іншаму факту ён стараўся даваць сваю, за што адным выкладчыкам падабаўся, другія, хто любіў гладкія адказы і завучаныя фармуліроўкі, зніжалі яму адзнаку.