Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 50

Уладзімір Дамашэвіч

«Хлопцы, хлопцы, прачніцеся!» — даляцеў да яго нейкі голас. Русіновіч азірнуўся навокал, каб убачыць, адкуль ідзе гэты голас, і нечакана адчуў сябе на ложку — прачнуўся.

Ён са страхам працёр вочы і ўбачыў перад сабою Мальца, які ў адной бялізне стаяў над яго ложкам.

— Чаго ты крычыш?

— Хлопцы, Сталін памірае!

— Ты што?

— Як гэта памірае?

— Толькі што перадалі... Другога ноччу быў удар...

— Браточкі, што ж цяпер будзе?

— Тут ёсць над чым паламаць галаву...

— Ой, слёз будзе!

— Не, гэтага яшчэ нельга ўявіць, як сабе хочаце...

Так пачаўся для хлопцаў той памятны чацвер 5 сакавіка 1953 года. Увесь дзень яны хадзілі як у сне, было нейкае нязвыклае, не знаёмае дасюль адчуванне, што гісторыя ў іх на вачах прыспешвае крок, што некаторая аднастайнасць і роўнасць хады падзей парушана. Рой неакрэсленых думак і цьмяных надзей абудзіла ў галовах хлопцаў гэтая падзея.

Вечарам Сталін памёр.

Пятніца... Субота... Нядзеля...

Жалобная музыка... Жалобны настрой...

...У панядзелак, у 12 гадзін, усе былі на плошчы, там, дзе ўзвышаўся высокі гранітны манумент.

Чалавек у вайсковай форме без шапкі задуменна стаяў, заклаўшы правую руку за борт шыняля.

Сёння да яго прыйшлі тысячы людзей. Сумныя твары. Сціснутыя вусны. У многіх на вачах слёзы.

Адспявалі гудкі, адгрымеў салют, шматтысячны натоўп, прайшоўшы калонай каля ўсыпанага кветкамі падножжа манумента, паволі расцякаўся па горадзе.

Русіновіч, каб сагрэць ногі, спяшаўся ў свой інтэрнат. На тралейбусным прыпынку было цеснавата. Русіновіч, абмінаючы натоўп, ледзь не збіў з ног дзяўчыну ў футры і белай шапачцы. Дзяўчына рэзка павярнулася да яго — і Русіновіч са сдзіўленнем убачыў перад сабою Галю.

— Прабач, Галя.

— У, мядзведзь...— Яна скрывілася і пагразіла яму пальцам.

— Куды ты ідзеш?

— Хацела сесці на тралейбус. Я змерзла.

— У такой футры? Хадзем пешкі.

— Хадзем...— Яна ўзяла яго пад руку. Яму адразу ўспомніўся май, той цёплы вечар, амаль такі ж натоўп людзей ішоў тады па вуліцы, і тады ён спаткаў Галю...

— А памятаеш май?

— Што май? — сумна сказала яна.— Памятаеш Новы год?

— Памятаю...— невыразна адказаў Русіновіч і змоўк.

— Якая я была дурная. Не магу сабе дараваць...— Галя ўсхліпнула, змахнула пальчаткай слязу са шчакі.

Ён маўчаў.

— Чаму не заходзіш? — спытала яна.

Што было адказаць. Сказаць ўсё, што яго мучыла? Ясна і так...

— Усё збіраўся,— схлусіў ён і адчуў, што яна зразумела падман.— Ды вось бачыш...

Галя задумалася, выпусціла яго руку, нейкі час яны ішлі моўчкі.

— А чаму ты нейкі як бы вясёлы? — нібы ачнуўшыся, спытала ў яго Галя.— Няўжо ты прымаеш такую падзею...

Русіновіч не даў ёй закончыць.

— Прымаю, як заканамернасць... Хаця ты з гэтым не згодзішся.

Яму не хацелася заводзіць з ёй спрэчку.

— Не згаджуся...

— Не згаджацца — твая стыхія.

— Ды ўжо ж, у тваім уяўленні я ў сто разоў горшая, чым ёсць.

— А мне ўвесь час здавалася, што ты знарок выстаўляла сябе з горшага боку, а ў душы ты намнога лепшая.

— Ты думаеш гэтым задобрыць мяне? Не выйдзе.

Ён так і не зразумеў,— жартам сказала яна ці сур’ёзна.