Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 48

Уладзімір Дамашэвіч

— А ты забыўся, што Прафесар якраз сядзеў у акопе ў той час, як мы, за выключэннем Мальца, сядзелі на печы і грэлі плечы,— напомніў Русіновіч.— Вельмі цяжка сказаць, як паводзіў бы сябе кожны з нас перад

— Той факт, што ён быў у партызанах, яшчэ ні аб чым не гаворыць.— Ярошка прайшоў па пакоі, заклаўшы рукі ў кішэні штаноў.— Проста збег акалічнасцей, а не свядомы крок. У жыцці і не такое бывае. Я гавару пра натуру чалавека, пра тое, што ў ім закладзена.

— А хто на гэта глядзіць? Мо адзін ты? — спытаў Русіновіч.— Бо ў час размеркавання яго не паслалі на Палессе, як цябе, а пакінулі ў аспірантуры. Анкета — большая сіла, чым твая натура.

— Ты, Стары, відаць пакрыўдзіўся на камісію, што цябе не ўзялі ў вучоныя, а таксама паслалі — на радзіму?

— Я? Нічуць. Я для навукі не падыходжу. Каб мне прафесараву галаву, ды яшчэ твае нервы, тады згодзен. Я здзіўляюся толькі, чаму цябе і Мальца не ўзялі. У вас жа таксама анкеты ў парадку, адна толькі акупацыя.

— Я вам растлумачу, як стараста курса,— умяшаўся зноў Антановіч.— Памятаеце, на трэцім курсе было? Вы, Малец і Ярошка, і «шукальнік праўды» Кулік падавалі заяву рэктару універсітэта?

Гэта была даволі шумная і непрыемная гісторыя. Малец, Ярошка і Кулік падалі на імя рэктара заяву, у якой скардзіліся на нізкую якасць выкладання — і называлі прозвішчы выкладчыкаў. Падпісацца пад заявай больш ніхто на курсе не захацеў. Русіновіч не падпісаўся, бо лічыў, што такую заяву павінны падпісаць толькі выдатнікі, а яшчэ таму, што быў увогуле супраць авантуры, якая нічога карыснага не дасць. Як і аказалася, тады гэта расцанілі як спробу дыскрэдытаваць кафедру літаратуры, а ініцыятары ледзь не паплаціліся выключэннем. Кулік, які пераходзіў якраз на завочнае, прыняў на сябе ўсю віну і гэтым самым выратаваў таварышаў. Сам ён уладкаваўся ў школу, але адразу ж зрэзаўся з дырэктарам. У таго была нейкая даведка аб сканчэнні настаўніцкага інстытута і, мусіць, таму ён вельмі не любіў дыпломнікаў. Проста не мог пераварваць... Ну, а Кулік таксама з характарам. Барацьба ішла з пераменным поспехам. Урэшце ўмяшалася «Настаўніцкая газета», дырэктара знялі з трона...

Хлопцы задумаліся. Ярошка гладзіў свае валасы, моршчыў лоб. Малец дастаў папяросы, пачаў закурваць і раптам узняў голас:

— Я пытаю вас — а чаму я павінен ехаць у вёску? Застаецца тут такі Рак, які для навукі прынясе мала карысці, застаецца паэт Антановіч, якому нічуць не шкодзіць падыхаць хоць гадкоў пяць вясковым паветрам, адвыкнуць ад гэтага асфальту і бруку... Ён жа малады, у яго гэтулькі сіл, якія так патрэбны там, а навуку будзе каму развіваць... Няўжо да вас не даходзіць? Ці застаюцца ў аспірантуры па мове, якія ніколі на ёй не гаварылі?..

Антановіча пакрыўдзілі Мальцавы словы. Ён адразу ўскочыў:

— Дык што, я заняў тваё месца? Мо мне пайсці і сказаць: адмаўляюся, хай на яго ідзе Малец?

Малец паглядзеў на яго як на блазна.

— Адмаўляйся, хто табе не дае? Я думаю, Раку такая думка ў галаву не прыходзіла. Не кіпяціся! Я не кажу, што ты не на месцы. Ты і ў аспірантуры будзеш на месцы. Мяне здзіўляе сам падыход да размеркавання кадраў.