Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 52

Уладзімір Дамашэвіч

Успамінаю, як вярнулася Зося, як я, трохі выпіўшы, насупіўся, слухаў яе расказ аб сваім жыцці... Слухаў і маўчаў... Каб я стаў расказваць, я таксама, як і сястра, расплакаўся б,— а гэтай слабасці я ніколі не дараваў бы сабе. Таму я маўчаў...

Даруй мне, дарагая мама, што я ў цябе такі сухі і скупы на ласку, што такі маўклівы. У сэрцы я не такі, я люблю цябе, мама, і многа-многа добрых слоў гавару заўсёды табе, я цаню цябе як самага дарагога чалавека. Мо таму ты так дрыжыш за сваіх дзяцей, што многа здароўя, сіл і ўсю душу ўклала ты ў іх, што так многа недаела, недаспала, выплакала рэчку слёз, пакуль выгадавала і вывела іх у людзі.

Памятаеш, як песціла ты нас, аберагала, шкадавала, а калі мы рабілі што кепскае — была строгая, але заўсёды справядлівая?

Сялянскае жыццё — нялёгкае: таго мала, таго зусім няма, тое не так, а гэта не гэтак. Сваркі, крык. І часцей за ўсё з-за нас. Але ты ўсё цярпела, абы добра было дзецям. Ты магла быць галоднай, абы пад’елі твае дзеці, ты магла хадзіць у латаным, абы адзеты былі твае дзеці. Любоў да дзяцей у цябе засланіла ўвесь свет, ты ёю жывеш і ёю дыхаеш.

Мне ніколі не забыць, як ты збірала мяне ў дарогу. Ты аддала б, здаецца, усё, да апошняга кавалка, не думаючы аб тым, ці застанецца што ў самой на заўтрашні дзень.

«Вазьмі яшчэ гэты кавалачак, сынок, вазьмі! Мы тут як-небудзь, а табе ж трэба вучыцца, трудзіць мазгі. Бяры, не глядзі на нас... Мы дома. А дома і салома ядома».

Часам з-за гэтага ў мяне з табою бывалі сваркі, я не хацеў браць, а ты стаяла на сваім, чуць не сілаю пхала мне ў мяшок той «лішні» кавалак, а калі я адмаўляўся, ты плакала і бедавала, што я буду там галадаць.

А колькі пасылак ты пераслала — у два канцы, мне і сястры, колькі панасіла іх за свет, у Даматканавічы, на пошту, бо не заўсёды лёгка было дастаць таго каня! І ніколі, відаць, ты не падумала пра сябе, хоць адпраўляла не толькі апошні кавалак сала ці каўбасы, а часцей за ўсё быў гэты кавалак або куплены за пазычаныя грошы, або пазычаны ў суседа, якому ўжо абрыдла гэтае бясконцае пазычанне. Ты азіралася толькі на бацьку — што ён скажа? Калі толькі бурчыць, то гэта яшчэ паўбяды, хай бурчыць, можна яшчэ трошкі пакласці... Колькі цяжкіх мінут давялося перажыць табе з-за твае дабраты, выцерпець нараканняў і папрокаў! Я не ведаю, ці вынес бы ўсё гэта хто другі...

«Паглядзім, як дзеткі табе памогуць. Будзеш мець... Вось хутка расцягнуць па кавалку. Не выстарчыць на ўсе канцы свету слаць пасылкі кожны месяц. У другіх людзей дзеці як дзеці, а ў мяне — толькі цягнуць ад бацькі, а ў гаспадарку — ні граша».

Бацькавы довады здаваліся важкімі і пераканаўчымі, але ты, мама, разбівала іх логікай свайго мацярынскага сэрца:

«А ты хочаш, каб дзіця пусціў на свет — і ўсё, хай жыве, як ведае? А на ногі яго паставіць, а вывесці ў людзі, даць нешта ў рукі, каб яно не прапала, каб яно добрым словам памянула сваіх бацькоў? Ты папракаеш, што яны цягнуць... А ў гаспадарку яны не цягнулі? Калі хоць адно лецейка твой сын згуляў, як другія, калі прыязджаў на канікулы? Ад цямна да цямна ў полі, абліваецца потам, рук не чуе — і косіць, і возіць, і малоціць,— мінуты не згуляе. А што ты яму купіў, як другія бацькі? Што сам купляў за стыпендыю, у тым і хадзіў. Ці ў яго быў, як у людзей, гарнітур, паліто, плашч, добрыя боты? А ён жа малады, не забывай. Можа, яму трэба з таварышамі павесяліцца і ў кіно з дзяўчынаю схадзіць, ды і з’есці лепей хочацца, хопіць таго, што тут жыў аб бульбе ды аб кіслым малацэ, дык і там яшчэ на маргарыне будзе цягнуць?»