Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 3

Уладзімір Дамашэвіч

«Гімн філалогіі» праспяваў Малец, Русіновіч толькі сяды-тады ўстаўляў слова, поўнасцю даверыўшыся густу старэйшага таварыша.

Малец гаварыў, не перастаючы ўзмахваць праваю рукою:

— А я вам скажу, паважаныя дыспутанты, што філалогія — маці ўсіх навук, што чалавек тады стаў філолагам, калі ўпершыню сказаў «а», так што наша навука самая старажытная. Без яе нельга развіваць ні матэматыкі, ні вашага прыродазнаўства, бо першаэлементам усякай навукі з’яўляецца мова. Без мовы ўвогуле нельга жыць. Ці вы думаеце, што можна? Давайце зробім так: не дамо вось гэтым людзям гадзіну гаварыць,— і вы ўбачыце, што атрымаецца.

— Табе не дай гаварыць пяць хвілін — і ў цябе падскочыць ціск да пяці атмасфер,— уставіў Рамашка.

— Не пярэчу, але хачу яшчэ сказаць... Вось... Пяхота! Не хачу вас крыўдзіць... Хоць наша навука і альма матэр усіх навук, у тым ліку і вашых, павінен прызнаць, што вашы навукі маюць поўнае права жыць на гэтай грэшнай зямлі, бо людзей многа, і ўсе яны не могуць у сілу абставін ці па сваіх задатках займацца адною філалогіяй. Таму тыя, каму гэта, як кажуць медыкі, супрацьпаказана, ідуць у матэматыку, біялогію ці якую іншую навуку, і мы ўжо не ведаем, якую карысць яны там прыносяць, але што яны не ў філалогіі, ад гэтага карысць самая вялікая...

Малец змоўк і зрабіў страшную міну — нібы чакаў сама мала добрага кухталя за такія словы. Усе зарагаталі. Малец пакруціў галавою, абвёў усіх вачыма і зарагатаў сам мацней за ўсіх.

Не смяялася толькі дзяўчына, што ішла паміж Мальцам і Русіновічам. Яна раптам вырвалася з шарэнгі, стала тварам да хлопцаў і звонка сказала:

— Стойце!

Хлопцы спыніліся. На хвіліну ўтварыўся затор.

— Галка, не станавіся на дарозе! — Дзяўчынка ў карычневай сукенцы падбегла да Галкі і абняла яе за шыю.— Нас тут растопчуць.

— Хай топчуць! —сярдзіта адказала Галка.— Але я не сыду з месца, пакуль гэты студыёзус не папросіць у нас прабачэння за абразу.

Відаць, усе падумалі, што гэта не надта ўдалы жарт, а Русіновіч нават здзівіўся — якая прынцыповая!

Малец не ведаў, што рабіць: каяцца ў грахах — усур’ёз прасіць прабачэння ці адбрыквацца жартам?

— Хай гэта зробіць за мяне мой малодшы брат Русіновіч,— праспяваў на манер малітвы Малец і зрабіў жэст у бок Русіновіча.

— Так несумленна,— умяшаўся Рамашка.— Не звальвай з хворай галавы на здаровую, адказвай сам за сябе.

— За сябе я гатоў,— прастагнаў Малец, трымаючы руку на сэрцы,— але за свой язык — божа барані! Калі б я за яго адказваў, мяне даўно не было б на свеце.

— Дык вырві грэшны свой язык! Хай ён цябе не спакушае,— параіў Рамашка.

— Тады ён не будзе Мальцам,— умяшаўся Русіновіч і звярнуўся да Галі: — Няўжо вы хочаце, каб наш Малец перастаў быць Мальцам? Ён умеў гаварыць без перакладчыка нават з немцамі, а вось з дзяўчатамі не навучыўся. Даруйце яму!