Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 4

Уладзімір Дамашэвіч

Галя прыязна зірнула на Русіновіча, усміхнулася.

— Ваша шчасце, Малец, што за вас заступіўся чалавек з чулым сэрцам. Гэты раз я вам дарую, але болей — ніколі, хоць вы і ўмелі гаварыць з немцамі.

Яна першая падышла да хлопцаў, узяла Русіновіча пад руку, і яны пакрочылі далей.

«Чалавек з чулым сэрцам»,— насмешліва паўтарыў сабе Русіновіч.— Ці не занадта вялікі гонар... А вось ты сама? Нешта ў табе ёсць, толькі глыбока схавана. Аднак гэта цікава, што ні кажы».

Праз якой паўгадзіны яны ўсе сядзелі ў скверы, затым хадзілі піць морс, доўга стаялі ў чарзе. Вечар прайшоў непрыкметна.

Праводзіць дзяўчат пайшлі ўсе чарадою, але Рамашка з Мальцам чамусьці ўзялі сабе меншую дзяўчыну, а Русіновіч застаўся з Галяй.

— Адкуль вы ведаеце Мальца? — спытаў, памаўчаўшы, Русіновіч.— Ці мо лепш: адкуль вас ведае Малец?

— А ці не ўсё роўна? Мы часта разам засядаем...

— Зразумела. Начальства ці актыў... Але чаму вы ходзіце па вуліцы ў такі вечар?

— А дзе я павінна быць, па-вашаму?

— Ну, недзе дома...

Галя доўга маўчала, апусціўшы галаву.

— Мой дом далёка... А ведаеш... ведаеце, я доўга сумавала без мамы. Асабліва на першым курсе. Цяпер трохі прывыкла... А Малец ваш жанаты? — нечакана спытала Галя.

Русіновіч здзіўлена паглядзеў на яе, усміхнуўся.

— Я нават не ведаю, што казаць... Можа, ён пакрыўдзіцца, калі я скажу праўду...

— За праўду не крыўдзяцца. Мне здаецца, што жанаты. З выгляду ён ужо стары...

— Які стары? Дваццаць сем гадоў. Але, наколькі я ведаю, ён не жанаты.

— Вас здзівіла, відаць, навошта я пытаю?

— Трохі... Хаця, што тут асаблівага?

Яны прастаялі яшчэ хвілін колькі. Русіновіч адчуваў, што Галя хоча ісці ў інтэрнат. «Як ёй сказаць? Няўжо мы больш не ўбачымся?» — круцілася ў яго галаве.

— Я хацеў бы вас бачыць...— асмеліўся ён.

— Гэта нікому не забаронена,— з выклікам адказала Галя.

— Рад, што вы і мяне залічаеце да шчаслівых, якім не забаронена вас бачыць... Я прыйду заўтра, у восем вечара. Добра?

— Як хочаце...

Гэтая няпэўнасць астудзіла трохі яго гарачую галаву.

Ад сесіі да сесіі

Сесія — самая цяжкая і, як ні дзіўна, самая вясёлая пара ў студэнтаў. Хоць экзаменаў і залікаў многа, але гэтым студэнта не спалохаеш. Асноўнае, што не трэба сядзець на лекцыях, што ты гаспадар свайго часу.

Шосты пакой на Нямізе — цеснаваты, не надта светлы, бо вокны ўпіраліся ў суседні дом,— страціў свой звычайны выгляд. Раней тут панавала чысціня і парадак, а цяпер — бязладдзе.

Кожны меў свой рэжым дня, які відзён толькі ў сесію. Уставалі, як хто хацеў. Раней за ўсіх прачынаўся Малец. У яго часта балела прастрэленае плячо, ён пакутаваў аб бяссонніцы, доўга не мог заснуць вечарам, а раніцай таксама сон хутка пакідаў яго. Але ўставаць першы ён не любіў, звычайна ляжаў у пасцелі з кніжкаю ў руках.

Першы вылазіў з-пад коўдры Рак, па мянушцы Прафесар, невысокі сухарлявы хлапчына з круглаю вялікаю галавой і буйным гладкім тварам. Рак любіў спакой і парадак, не цярпеў мітусні і спешкі, якая звычайна бытуе сярод студэнтаў. Ён даваў, як смяяліся хлопцы, паўтара абарота ў гадзіну: старанна і доўга галіўся — «карчаваў пні», спырскваўся адэкалонам, ішоў з чайнікам па кіпяток і садзіўся снедаць.