Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 2

Уладзімір Дамашэвіч

Страшны напамінак нядаўняга мінулага, яны як быццам нехаця саступалі месца новым камяніцам — нібы знарок, каб людзі не забывалі, што такое вайна.

Але ўсё гэта было там, у цемры, нібы за гарызонтам, а тут...

Машыны не ходзяць. На скрыжаваннях вуліц — тлум, цесната: іграюць вайсковыя духавыя аркестры, танцуюць пары.

Русіновіч — не танцор, ён больш любіць паглядзець, як танцуюць другія: гэты вясёлы занятак прыемна назіраць збоку.

Танцуюць пераважна маладыя, найбольш дзяўчына з дзяўчынаю, мільгаюць вайсковыя кіцелі і фуражкі, многа рабочай моладзі, студэнтаў. У адных на тварах абыякавасць, у многіх — сур’ёзнасць, нібы яны робяць вунь якую важную справу. А ёсць танцоры вясёлыя, бясклопатныя, з белазубымі ўсмешкамі, з іскрамі ў вачах. Але такіх менш...

Пастаяўшы крыху, Русіновіч ідзе далей.

Так ён снаваў з гадзіну ці болей і раптам, пераходзячы вуліцу, нос у нос сутыкнуўся са сваімі хлопцамі — з Мальцам, па мянушцы Пяхота, і Рамашкам. Малец быў на адным курсе з Русіновічам, а Рамашка вучыўся на фізмаце; некалі, яшчэ на першым курсе, яны жылі ў адным пакоі. Побач з хлопцамі ішлі дзве невысокага росту дзяўчыны, неяк дзіўна падобныя адна на адну. Дзяўчаты ішлі ў сярэдзіне, хлопцы — па баках.

Малец быў хударлявы, рослы хлапчына, не надта прыгожы, але прыемны з твару. Як былы франтавік, ён яшчэ не разлучаўся са сваёю суконнай гімнасцёркай. На грудзях у яго красавалася планка з ордэнам і трыма медалямі. Левае плячо ў Мальца было прыкметна ніжэй за правае — у вайну разрыўною куляй яму раздрабіла лапатку.

Малец стаў знаёміць Русіновіча з дзяўчатамі. І адна і другая, падаўшы яму руку, акрамя свайго імя, як завучанае, дадала: «Вельмі рада». Русіновіча здзівіла Мальцава аператыўнасць: калі ён паспеў знайсці гэтых дзяўчат? І як сышоўся з Рамашкам? Русіновіч ведаў, што ў іх пакоі на Нямізе Рамашка не паказваўся даўно. Да таго ж чалавек ён быў замкнуты, негаваркі, не любіў шумных зборышчаў, а выпадковых знаёмстваў — тым болей.

Русіновіч, ужо супакоіўшыся, ішоў побач з Мальцам, час ад часу зазіраючы на дзяўчыну, тую, што была крыху вышэйшая ростам і ішла пад руку з Мальцам.

Яна, калі добра прыгледзецца, была нават нішто сабе дзяўчынка: зграбная, з кірпатым носікам. На яе рухомых тонкіх вуснах час ад часу блукала стрыманая ўсмешка,— здавалася, дзяўчыне нешта перашкаджае, нешта ёсць у яе душы такое, што не дазваляе смяяцца шчыра, на ўвесь рот. І гэта якраз і вабіла ў ёй, хоць нічога крыклівага ў яе знешнасці не было, і ў такім тлуме яе проста не заўважыў бы.

Гаварылі, можна сказаць, на вечную для студэнтаў тэму: хто больш патрэбны на зямлі — філолагі, матэматыкі ці біёлагі, бо высветлілася, што дзяўчаты вучыліся на другім курсе біяфака, Малец і Русіновіч былі філолагі, адзін Рамашка — матэматык.

Дзяўчаты ў адзін голас даказвалі, што свет без філолагаў абыдзецца, без матэматыкаў таксама не згіне, а без біёлагаў адразу прападзе. Нават маўклівы матэматык Рамашка не стрымаўся, каб не сказаць колькі слоў у абарону дакладных навук, без якіх, як ён адзначыў, нельга ўявіць нічога існага на зямлі. Але ён дыпламатычна не закрануў біялогіі, паставіўшы побач з велічным гмахам біялагічных навук не менш прывабны матэматычны парфенон, даючы зразумець, што кожны цвярозы чалавек зможа сам адрозніць, дзе лепшае, а дзе горшае.