Читать «Студэнты апошняга курса» онлайн - страница 19
Уладзімір Дамашэвіч
Але пасля дарога звярнула ўлева, мы праехалі праз лес, і я ўбачыў вёску Перахрэсце, ад якой не так ужо далёка да станцыі.
Шафёр спыніў грузавік.
Я пайшоў поплавам і хутка выбраўся на чыгунку. Прайшоў па шпалах кіламетры са два, а пасля супроць Яцкаўшчыны забраўся ў выемку ля насыпу і, стомлены дарогаю, адразу заснуў. Разбудзіла маторная дрызіна. У тры гадзіны я ўжо быў дома.
Дома застаў усіх: бацьку, маці, малодшага брата. Не хапала толькі Зосі, сястры. Калі яна вернецца? Па закону — праз тры гады. Два ўжо адбыла. Маці ўвесь час чакае. Расказвае мне: сніла сон, што Зося білася з усімі дамашнімі. Чакай, што скора прыб’ецца.
Маці гаворыць: тры гады ёй прыйдзецца гараваць. Пабачым. Перад гэтым я напісаў заяву ў Вярхоўны суд БССР, але адказ расчараваў мяне. Таму пісьмо ў Маскву пасылаў ужо без той веры, якая была раней. Але верыць трэба, інакш нельга... Горш за ўсё, што Зося хворая, увесь час у яе трымаецца нізкая, «гнілая» тэмпература. Можа, якраз гэта самае важнае, за што трэба ўхапіцца? Неяк трэба яе ратаваць. Але як?
Мне часта даводзіцца быць у дарозе аднаму, адзіноту трудна пераносіць заўсёды, але сёння чамусьці мне асабліва цяжка.
Раніцай Коля праводзіў мяне на станцыю. Ісці кіламетраў пяць. Ён нёс мой чамаданчык, гэты раз даволі цяжкі: пазычанае сала, усмажаны гусак, яблыкі, кавалак дамашняга хлеба, які вельмі люблю.
Я адбіраў у Колі чамаданчык, а ён не даваў, хоць ужо добра змарыўся. Нас праводзіў наш верны вартавы Мурза, пярэсты здаровы сабака, які мяне памятае яшчэ са школы. Ён не ішоў за намі, а гойсаў пры дарозе, па кустах, па ржышчы, усё нешта вынюхваў, ганяўся за птушкамі, пасля падбягаў да мяне, цёрся аб ногі, пазіраў на мяне сваімі разумнымі вачыма, нібы хацеў нешта сказаць, і зноў, высалапіўшы язык, пускаўся наперад.
Мінуўшы Яцкаўшчыну — палавіну дарогі,— я ўгаварыў брата вярнуцца. Ён быў сумны, на развітанне сказаў, што мне зайздросціць. Я супакоіў яго, як мог, пажадаў поспехаў у вучобе.
Узышоўшы на насып, я пакрочыў адзін. Праз колькі часу азірнуўся — за мною па шпалах трухаў сабака. Дзіўна, што ён не апярэджваў мяне: відаць, не хацеў трапляць на вочы, бо ведаў, што я буду крычаць на яго. Заўважыўшы, што я азірнуўся, ён вінавата апусціў галаву, падцяў хвост і неяк сарамяжліва-асцярожна падбег да мяне, пачаў лашчыцца ля ног, нібы прасіў дараваць свавольства. У мяне зашчымела сэрца, горкі камяк падступіў да горла. Я не закрычаў на яго, а адчыніў чамаданчык і аддаў яму свой сняданак, які маці падрыхтавала мне на дарогу. Ён з’еў, здавалася, толькі для таго, каб не пакрыўдзіць мяне, нясмела пазіраў мне ў вочы і чакаў.
Я паляпаў сабе па калене, ён усё зразумеў, ускочыў мне лапамі на грудзі, лізнуў цёплым языком шчаку, завіляў пушыстым чорным хвастом, а лапамі, як рукамі, стараўся абхапіць мяне за шыю.
У блішчастых глыбокіх вачах яго свяцілася нявыказаная радасць. Сабака лашчыўся да мяне, ціха скавытаў, нібы прасіў мяне вярнуцца.