Читать «Летнія прыгоды ў сучасным духу» онлайн - страница 4

Алесь Жук

Яна адапхнула яго рэзка, з усёй сілы, i ён ад неспадзяванасці ледзь астаўся на нагах.

— Адвярніся, ну! — загадала яна.

Віктар крута адвярнуўся, па-салдацку хутка адзеўся. У кожным ягоным руху адчувалася крыўда і злосць.

— Паехалі, мне холадна, — Анюта папрасіла як мага безабаронней.

Віктар завёў матацыкл, знарок глядзеў у другі бок, чакаў, пакуль сядзе яна. I здрыгануўся ад нечаканасці, калі яна абняла і ўся прытулілася да яго. Асцярожна крануўся з месца і ехаў паволі.

Анюта ўсміхалася i з самой сябе, з таго, як прыліпла да гэтага маладога мужчыны. Не хацелася адрывацца ад яго, i рука міжволі пагладзіла яго грудзі, спынілася там, дзе было сэрца, i яно застукала мацней.

Ля дому Віктар адважыўся прытрымаць яе за руку. Анюта сама абняла яго, пацалавала доўга i з такою прагай, што аж у самое закружылася ў галаве, адхілілася:

— Не трэба. Дай мне прывыкнуць да цябе. Да заўтра.

— Да заўтра, — рэхам адказаў ён.

Пасля таго, як Віктар паехаў, Анюта яшчэ стаяла на дварэ. У хату ісці не хацелася, не хацелася і спаць. Горача i душна было ў гэту летнюю ноч.

Назаўтра яна перанесла сваю пасцель з хаты ў садовы дашчаны домік — усё з-за гарачыні. А вечарам чакала за вёскай Віктара.

Надвячоркам збіраўся на вахту, як любіў сам гаварыць, i дзед Ляксей, а таму мяняў параднае адзенне на рабочае: замест галіфэ надзеў старыя ватныя штаны, замест сандаляў — старыя шытыя валёнкі з галёшамі, выкачаны і палямчаны ўсё на гэтых жа «баявых вахтах» кажушок. I замест фуражкі належала надзець старую аблавушку.

— Ну, дзе ты там ужэ, жаніх? Два часы ўбіраешся! Саўсім умеркне. Выкураць цябе, качарга старая, з гэтае варты!

— Хто мяне выпра? Які ім дурань за гэтыя грошы гэтулькі цехнікі вартаваць адважыцца?

— А ты ўвартуеш! Для прыклёпу там цябе дзяржаць, можа, каб якія пажарнікі не чапляліся ці начальства…

— Для прыклёпу, для прыклёпу! Сама ты прыклёп бесталковы! Падавай валёнак!

Дзед Ляксей злосна вышморгваў з жончыных рук валёнак, i яна брала напагатове другі.

— А то ж бо не? Які ж бы гэта дурань плаціў табе за тое, што пераспіш ноч у апілках…

— Тваю маць!.. Дурань нейкі ляпнуў, a i ты паўтараеш!

Дзед замахнуўся валёнкам, але Мар’я загадзя адступілася.

— Ну, не спіш, не спіш, хто цябе ведае… Толькі чаго гэта з кажушка апілкі, як тыя блохі, сыплюцца?

— У цябе самое з галавы труха сыплецца!..

— Добра, добра, убраўся ўжэ? Давай, хіба, і бараду ножанкамі падрэжу, а то ночы яшчэ каго напужаеш, падумаюць, што чорт вылез…

— Во то! У парыкмахерскую схаджу, пастрыгуся i бараду папраўлю.

— А стрыгчы што будзеш, пушок гэты, што, як у куры пад хвастом, у цябе на галаве астаўся?

Мар’я яшчэ далей адступілася ад дзеда.

— Ты ў мяне некалі дакудахтаешся, — дзед рашуча ўстаў з лаўкі i шыбануў за хлеў.

— Скарэй, а то не ўспееш! — падражніла ўслед Мар’я.

Дзед Ляксей не агрызнуўся — не было калі.

Пачынала змяркацца, калі дзед Ляксей сцежкай пад вішняком выйшаў да дарогі. Да вайны тут была вузкакалейка да ваеннага гарадка. Цяпер яе разаралі, не асталося i следу. Толькі з зямлі яшчэ не-не ды i вылезе ржавы кастыль. Дзед Ляксей паглядзеў у той бок, дзе быў ваенны гарадок. Ад яго засталася толькі канюшня з чырвонае цэглы і пахіленая, падарваная ў вайну партызанамі вадакачка. Цяпер яе не ўгледзіш з-за сасонніку, які там узрос.