Читать «Летнія прыгоды ў сучасным духу» онлайн - страница 2

Алесь Жук

Анюта ўсміхнулася — няхай сабе будзе i так, як думае старая.

— А я пайду палын саб’ю, пакуль ён травы прывязе…

Анюта ў купальніку, з махровым ручніком на плячах глядзела ўслед цётцы, якая неяк бокам, у старых брызентавых тапачках ішла з двара. Анюта паспрабавала ўявіць сябе такою, міжволі сцепанула плячыма. Не верылася, што i яна вось так магла пражыць жыццё і нічога болей не ведаць — толькі работу.

Работа дачасна даканала і маці, а бацька i цётка ўсё ідуць тым жа сваім бясконцым кругам. I ёй пасаг збіраюць. Анюта горка ўсміхнулася.

Свой шлях у жыцці яна ўжо вызначыла: як толькі Віктар абароніць кандыдацкую, яны жэняцца. На першым часе будуць мець пакойчык у сямейным інтэрнаце, а потым… Потым усё пойдзе i далей нармальна — Анюта ў сабе не сумнявалася, у сваіх магчымасцях — таксама. Вяселле яна запланавала на восень, каб потым спакойна пісаць дыпломную, рыхтавацца да абароны.

Паўдня Анюта чытала i загарала, потым узялася і памыла ўсе фіранкі, якія толькі былі ў хаце. Пад вечар адзелася просценька: у шэрыя з прастрочанымі канцікамі штаны, белую кофтачку з кароткім рукавом.

Ціха і спакойна клалася ноч. Было чутно, як ля клуба скончылася пласцінка і хлапечы голас крыкнуў: «Хто там, давай! Заснуў, ці што?» Анюта не магла ісці туды, дзе збіраліся большасцю школьнікі, танцавалі і ціскалі дзяўчатак, якія ахвотна папісквалі. Кампаніі ёй там ужо не было і жадання да такіх танцаў — таксама.

Анюта завярнула ў канец вёскі. За апошняю хатаю прыпынілася. Ад сажалкі цягнула цеплаватаю вільгаццю, пахам угрэтае вады, а з поля цякло моцнае, як з напаленае печы, цяпло збажыны. Мяккі пыл казытаў у пальцы.

3 палёгкаю ўздыхнула, калі ўбачыла на палявой дарозе матацыкл. Віктар чакаў яе. 3 ім Анюта пазнаёмілася ўчора, калі вярталася са Слуцка, — Віктар падвёз яе з напакаванай сумкай ад аўтобуснага прыпынку да хаты. Віктар у калгасе «забяспечваў» работу шабашнікаў, якія будавалі цялятнік. Сам ён ужо два гады як скончыў вучобу, працуе інжынерам у канструктарскім бюро. Шабашнічаць пачаў яшчэ з першага курса, а цяпер сам арганізатар «шабашкі». У яго жонка, сын, пабудаваў кааператыўную кватэру. Зарабляе грошы на машыну. Да горада сорак кіламетраў, на матацыкле заехаць не праблема. Матацыкл на час работы выпрасіў у калгасе — каб у час даставаць матэрыялы. Цялятнік калгасу пазарэз патрэбен да восені.

Віктар павітаўся, пажартаваў:

— А я думаў, ты ўжо на танцы завярнула.

— Давай разам.

— Можна, калі табе хочацца.

— Не. Там ужо не мая кампанія.

— I тым болей не мая, — Віктар па-свойску ўсміхнуўся.

— Давай я лепш правязу цябе на матацыкле, — прапанавала Анюта.

— Умееш?

— Паглядзіш.

Яна страсянула адной нагой, потым другой — вытрасла пыл з басаножак, узялася за руль, села, пару разоў газанула, быццам прывыкала да матора, страсянула галавой:

— Садзіся!

Матацыкл асеў пад Віктарам. Ён памкнуўся абняць яе. Анюта коратка азірнулася цераз плячо:

— Ну!

Віктар прыняў рукі. Яна з месца ўзяла рыўком, унацяжку пераключылася з хуткасці на хуткасць. Пакуль набірала разгон, разоў колькі абмацала тармазны рычаг, каб прывучыць да яго нагу. Адчула, што матор набраў магутнасць. Колы пухка разбівалі дарожны пыл, падкручвалі пад сябе белую стужку палявой дарогі. Анюта з усмешкаю думала пра тое, што Віктару, як і кожнаму, хто прывык ездзіць за рулём, няўтульна ехаць ззаду, памкнулася азірнуцца, пачула, што Віктар нешта крыкнуў, i адчула, як ірванула з рук руль, лёгка кінула наперад. Яна не магла яшчэ зразумець, што адбылося, адчувала пясок у роце, у носе, пыл на твары.