Читать «Летнія прыгоды ў сучасным духу» онлайн - страница 6

Алесь Жук

А потым людзі ўспаміналіся, галасы іхнія, асабліва тых, з кім сядзеў у СД… I не боль і жах катаванняў вяртаўся, а страшны ўспамін, як гарыць хата, як дзяцей забітых у агонь кідаюць…

Адкуль пра ўсё гэта было ведаць Віктару, які ноччу вяртаўся ад Анюты? Работу яго брыгада канчала, амаль па дзве тысячы выходзіла чыстымі на рукі ў месяц. 3 Анютай абмяняліся тэлефонамі, праўда, знарок ён адну лічбу ў нумары назваў няправільна. У яго жонка, дзіця, сям’ёй ён даражыць умее. Віктар, вядома ж, не ведаў, што і ў Анюты свае планы былі на будучае i што яна замест інтэрнацкага тэлефоннага нумара, якога i не памятала, назвала першыя лічбы, якія прыйшлі ў голаў. Адным словам — бывай, маё лета, бывай, мая радасць!

Настрой у Віктара быў цудоўны, i ён не мог не пажартаваць, калі ўгледзеў пры плоце чорны кажушок вядомага ўсім на цэнтральнай сядзібе дзеда Ляксея, здагадаўся, што дрэмле стары, пусціў матацыкл накатам, і калі пад’ехаў блізка, асляпіў старога святлом, раўнуў маторам, краем вока ўгледзеў, як ускінуўся той, як нема закрычаў, — і знік у начной цемры. Не бачыў ён, што гэтак і пралежаў дзед пры плоце да раніцы. I недапітае чырвонае віно пад ім засохла на прыдарожным пыле. I ніхто ў тую ноч не ведаў, што, калі зноў бачыў дзед, як паляць дзяцей яго, белае вока фары, тае, з нямецкае машыны, якая свяціла тады, апякло лютым агнём вочы, зверам скочыла на яго.

Падабранага раніцай дзеда завезлі ў бальніцу на старшынёўскай «Волзе», там ён скардзіўся толькі, што пячэ ў грудзях, прасіў, каб прывезлі Мар’ю развітацца, але не дачакаўся яе, ціха, незаўважна нават для суседзяў па палаце, сканаў.