Читать «Летнія прыгоды ў сучасным духу» онлайн - страница 5

Алесь Жук

Далей у палях прысядалі да зямлі цёмныя астраўкі вёсак. Пахла пылам угрэтае дарогі, травою ад аселіцы i збажыной з поля. I яшчэ сапраўды свежа і смаліста ад кажушка — апілкамі, але гэтага паху дзед не вылучаў.

У такія часіны дзеду Ляксею здавалася, што гэта ён, маленькі, у лапціках, глядзіць аднекуль на сябе цяперашняга і на ўсё навокал. Адтуль аднекуль, з аселіцы, дзе ў вясновых лужынах жоўта цвіла лотаць. I ў цяперашняга яго, старога, аж заходзіцца душа ад таго, што гэтулькі ўсяго таму хлопчыку з бярэмцам жоўтай лотаці нагатавана наперадзе. I работы, i вайны, і смерці, што душа чалавечая i вытрымаць не зможа. Але вытрымае, не разарвецца сэрца, не адсохнуць рукі і ногі, не выцекуць слязой вочы… А мо гэта і не ён на сябе малога, а ягоны бацька ці дзед глядзіць на яго цяперашняга з кіёчкам, аднаго ў цёмным свеце, з нейкае свае далёкае вышыні?

Дзед Ляксей прыпыняецца, уражаны процьмай часу i прасторы, якая раптам адкрываецца перад ім, якую ён не можа спасцігнуць ні вокам, ні розумам.

Дзед уздыхае з палёгкай, азіраецца навокал, каб яшчэ раз пераканацца, што пад нагамі знаёмая дарога, калі і павалішся, то ніжэй зямлі не ўпадзеш. На ўсякі выпадак дзед яшчэ азіраецца наўкруга — ці ніхто не бачыў, як ён немаведама чаго стаяў пасярод дарогі. Потым дастае з кішэні кажушка бутэльку віна, якую ён хаваў сёння ад старое ў кастры дроў за хлявом, таму і была ў яго перад дзяжурствам пільная патрэба зазірнуць туды.

Далей дзед ідзе цвярдзей і весялей.

Пра дзеда Ляксея калгасныя механізатары могуць расказваць бясконца: пачынаючы з яго ўспамінаў пра маладосць, калі дзяўчаты не давалі маладому Ляксею праходу, і апошнім наведваннем дзеда да парторга з заявай аб уступленні ў партыю. Дзед катэгарычна растлумачыў, што цяпер ён не можа не быць у партыі — пакуль хопіць здароўя, будзе дапамагаць Гарбачову перабудоўваць. Адна няўвязка атрымоўвалася ў дзеда — як сумясціць свой новы статус з любоўю да віна. Парторг растлумачыў, што дзед па ўсіх стаццях падыходзіць, але «праклятая» — перашкода сур’ёзная, i таму ён дае тэрмін дзеду падумаць і «выправіцца»…

Але гэта быў дзед Ляксей — сава ўдзяняшняя, той, пра якога Мар’я, божкаючы, гаварыла: «Што ж вы хочаце, немцы ў тым карцеры ўсё ў яго ўнутры, акрамя душы, адбілі». Галоўнымі ў дзеда Ляксеевым жыцці даўно ўжо засталіся толькі ночы. Начамі вяртаўся ён да свайго сапраўднага жыцця, да самага дарагога і балючага, самага свайго, прычым быў бы і ён дзедам, і прадзедам, і спаў бы ў сваёй хаце, і не смяшыў бы людзей, думаў дзед пра дзяцей сваіх, якіх на вачах у яго немцы забітых кідалі ў запаленую хату. Як душу яго там палілі. Старэйшыя загінулі потым, адзін у партызанах, другі на фронце. Але тыя два, меншыя…

Даставаў дзед з кішэні бутэльку, адпіваў крыху, каб супакоіцца. Потым яму пачынала здавацца, што бачыць сябе малога, што ідзе ён з Вужанскага палетка, паўз лужкі, парослыя асакой і лазовымі кустамі, да сваёй вёскі, якая кучаравіцца ліпамі. Дарога палявая, падарожнік студзіць ногі. Вечарам у вёсцы збіраліся на ігрышча, іграў на цымбалах яго аднагодак Змітрок, панскі парабак. Не асталося ўжо нікога з яго аднагодкаў — Амерыка, рэвалюцыя, войны, калектывізацыя пазабіралі іх. I першую жонку сцерла жыццё, Мар’я гэта другая, рабацяшчая, але не здатная ні на танцы, ні на песню, глухая яна да ўсяго гэтага. Сам жа ён памятае тыя танцы, душа яго мучыцца без тых песень. Дарэмна ён прыслухоўваецца да радыё, прыглядаецца да тэлевізара — і песні быццам даўнейшыя, але ўжо нейкія як i несапраўдныя, як i не яго…